насельніцтва

фота ілюстрацыйнае

У Беларусі хочуць змяніць правілы перапісу насельніцтва. Адпаведны праект закона ўрад унёс у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў.

Праектам закона прапануецца, каб людзі маглі паведамляць дадзеныя для статыстыкі «з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў інтэрнэце», гэта значыць анлайн.

Таксама ўрад хоча знізіць век тых, хто могуць у час перапісу самастойна падаваць звесткі пра сябе. Калі цяпер гэта могуць рабіць людзі, якія дасягнулі 18 гадоў, то ў разе прыняцця змяненняў, планка будзе зніжаная да 15 гадоў.

Акрамя таго, праект закона прапануе «удакладніць кампетэнцыю дзяржорганаў, якія ажыццяўляюць арганізацыю і правядзенне перапісу насельніцтва».

Галаўной камісіяй па законапраекце вызначана пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

Чарговы перапіс насельніцтва запланаваны ў Беларусі на кастрычнік 2029 году. Папярэдні перапіс быў у 2019 годзе.