
Беларусам, засуджаным па палітычных справах, пагражаюць высылкай з радзімы. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Праваабаронцы сцвярджаюць, што людзей, якія цяпер знаходзяцца на стадыі апеляцыі перад адпраўкай на “хімію”, прымушаюць падпісаць абавязацельства. У дакуменце гаворыцца, што ў выпадку паўторнага парушэння Крымінальнага кодэксу яны могуць быць высланыя за межы Беларусі.
Гэтыя дзеянні, як падкрэсліваюць у ПЦ “Вясна”, маюць не адзінкавы характар.
Рэжым Лукашэнкі ўжо некалькі разоў прымусова высылаў з Беларусі палітвязняў, вызваленых у рамках дамоўленасцяў з ЗША. Пры гэтым людзей часта адпраўляюць без дакументаў ці анулююць іх пашпарты пасля высылкі — незалежна ад тэрміну дзейнасці дакументаў.
Праваабаронцы ацэньваюць такія прымусовыя высылкі як незаконны працяг рэпрэсій.
