
За савецкім часам гэты будынак на Ратушнай плошчы лічыўся помнікам грамадзянскай архітэктуры, але ў незалежнай Беларусі чамусьці перастаў. А цяпер ад яго засталася толькі крушня камянёў.
Знішчэнне заўважыў праект Vandrvm, які апублікаваў фотаздымкі месца на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Чкалава, дзе яшчэ нядаўна стаяў заезны двор другой паловы ХІХ стагоддзя.
Знесены будынак уяўляў сабой рэдкі для Беларусі ўзор традыцыйнага гасцінічнага комплексу, які спалучаў памяшканні для начлегу, карчму і ўнутраны двор для коней і фурманак. Галоўны фасад ашаляваны, завершаны высокім трохвугольным шчытом, дэкарыраваным фігурнай шалёўкай.


Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», заезны двор быў прызнаны помнікам і занесены ў савецкі «Збор помнікаў гісторыі і культуры» 1986 года. Аднак пры фарміраванні сучаснага Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей ён па незразумелых прычынах проста выпаў з пераліку помнікаў і пазбавіўся якой-небудзь аховы. Пры гэтым на яго фасадзе працягвала вісець шыльда, якая абвяшчала, што помнік «ахоўваецца законам».

На думку аўтараў канала, зусім нядаўна была магчымасць уратаваць помнік, але ёй не скарысталіся адказныя за рэстаўрацыю і ахову гісторыка-культурнай спадчыны.

У верасні 2024 года быў зацверджаны праект зон аховы для суседніх аб’ектаў — рэшткаў касцёла кармелітаў і брацкай магілы на Ратушнай плошчы. Распрацоўку дакументацыі вяла «Белрэстаўрацыя». Нягледзячы на тое, што заезны двор знаходзіўся ў межах зоны рэгулявання забудовы, у праекце ён не быў вылучаны як каштоўны гістарычны аб’ект. Адсутнасць якога-небудзь ахоўнага рэгламенту ў дачыненні да яго фактычна дазволіла далейшы знос.
У Беларусі больш не засталося вядомых узораў драўляных заезных двароў. Мураваны ж заезны двор у Нясвіжы, на шчасце, захаваў за сабой статус помніка архітэктуры.

