
З 2020 года лукашэнкаўскія ўлады паслядоўна абмяжоўваюць доступ да інфармацыі пра палітычныя рэпрэсіі. Закрытыя судовыя працэсы, пераслед адвакатаў і праваабаронцаў, ліквідацыя НДА і засакрэчванне судовай статыстыкі ўскладняюць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека.
Пра гэта паведамляюць праваабаронцы Dissidentby, якія заклікаюць перадаваць ім інфармацыю пра выпадкі палітычнага пераследу.
Сярод ключавых падзей, якія абмежавалі магчымасці дакументаваць рэпрэсіі:
Канец 2020 года. Павялічылася колькасць закрытых судовых працэсаў, на якіх не могуць прысутнічаць незалежныя назіральнікі і журналісты.
2021 год. Пачалася масавая ліквідацыя НДА. Адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў палітычна матываваных спраў, пазбаўлялі ліцэнзій. Паводле звестак на 24 чэрвеня 2026 года, пад крымінальны пераслед падпалі 16 адвакатаў.
2022 год. Увялі механізм спецыяльнай вытворчасці, які дазваляе судзіць завочна людзей, што знаходзяцца за мяжой.
2023 год. «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызналі Беларускую асацыяцыю журналістаў, праваабарончы цэнтр «Вясна» і Dissidentby. Гэта павялічыла рызыку пераследу за супрацу з гэтымі арганізацыямі.
2024 год. Затрымлівалі сваякоў палітвязняў, якія атрымлівалі дапамогу, а таксама валанцёраў, што падтрымлівалі зняволеных.
2025 год. Вярхоўны суд перастаў публікаваць асобныя звесткі пра палітычныя прысуды, а з сакавіка закрыў раздзел з раскладам судовых пасяджэнняў. Раней там можна было знайсці імёны падсудных, артыкулы абвінавачання і прозвішчы суддзяў.
Вясна 2026 года. «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызналі 22 чаты сваякоў зняволеных у розных сацыяльных сетках.
Восень 2026 года. МУС перастала рэгулярна абнаўляць спіс «экстрэмістаў». Версія ад 25 верасня ўтрымлівала звесткі пра 6930 чалавек. Пасля гэтага старонка стала недаступнай.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што афіцыйную статыстыку пра затрыманні і рэпрэсіі нельга лічыць поўнай. Звесткі незалежных арганізацый таксама не ахопліваюць усіх выпадкаў пераследу ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі.
