20 красавіка так званы суд Ленінскага раёна Гародні абвесціў рашэнне пра прызнанне кнігі геральдыста Віктара Ляхара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» (Менск, 2019) экстрэмісцкай.

Гісторыя змаганьня Мінкульта з творамі ваеннага гісторыка Віктара Ляхара пачалася яшчэ ў чэрвені 2021-га году, калі ведамства даслала ліст у школы і бібіятэкі з патрабаваньнем выняць кнігі аўтара «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» і «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» (Менск, 2014) з фондаў і электронных каталогаў. Матывацыяй выдаленьня з’яўлялася сцверджанне пра тое, што «ў названых выданнях змяшчаецца недакладная інфармацыя, якая ўтрымлівае элементы прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасці». Што ж такога крамольнага магло быць у афіцыйна выдадзеных яшчэ ў 2014 і 2019 у краіне кніжках, і чаму адказныя чыноўнікі заўважылі гэта толькі ўлетку 2021 Мінкульт не патлумачыў. Але можна здагадацца, што гаворка ідзе пра бел-чырвона-белыя шэўроны, какарды, значкі, пагоны ды іншую сімволіку перыяду незалежнай Беларусі, а таксама сведчанне пра яе гістарычнасьць і пераемнасць з часоў ВКЛ-БНР да РБ.

І вось на паседжанні ў Гародні заява нібы культурнага дзяржведамства падмацоўваецца рашэннем людзей у чорнай мантыі.

Іронія сітуацыі палягае ў тым, што 56-ці гадовы гісторык-геральдыст яшчэ ў савецкім войску займаўся распрацоўкай вайсковай сімволікі і атрыбутыкі. Таксама ствараў графічныя рэканструкцыі даспехаў і ўніформы. У 2001 годзе ён быў абраны ў склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце Беларусі, ёсць сябрам Міжнароднага саюза дызайнераў. У свой час Віктар Аляксандравіч паспеў распрацаваць сімволіку для шматлікіх дзяржаўных структураў і ворганаў, у тым ліку сілавых. Менавіта яму належыць аўтарства эмблемаў структураў МУС (ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартамент аховы), эмблема МЗС ды інш. Своеасаблівая ў чыноўнікаў атрымалася падзяка.

Паводле правілаў жанру цяпер следам за вынятымі і прызнанымі экстрэмісцкімі кнігамі з бел-чырвона-белай гістарычнай сімволікай, дзяржаўным прапагандыстам трэба выкрэсліць з архіву НПА законы пра дзяржаўную сімволіку Беларусі ў перыяд з 1990-га па 1995-ы гады. А далей можна наагул «скасаваць» усю гісторыю беларускіх земляў. Апроч таго варта не забыцца і на асобу аўтара «экстрэмісцкіх твораў». Імя, біяграфія, пасады, заслугі і званні Віктара Ляхара мусяць проста перастаць існаваць, бо яго не было, як не было і сімволікі, пра якую ён піша.