Цяпер ужо былы настаяцель альшанскай праваслаўнай парафіі храма Спірыдона Трыміфунцкага Андрэй Наздрын у сваім акаўнце ў Instagram напісаў пра тое, што ў гэтую пятніцу 20 траўня будзе служыць сваю апошнюю службу ў храме. Ён таксама выклаў указ Гарадзенскай епархіі БПЦ МП, згодна з якім клірык пазбаўляецца пасады настаяцеля парафіі, кіраўніка місіянерскага аддзелу і адказнага ў пытаннях фізічнай культуры і спорту Гарадзенскай епархіі. Далейшы лёс Ноздрына пакуль невядомы.

Нагадаем, што ў красавіку месяцы намеснік начальніка УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гародні Смалякоў у адказ на заяву грамадзянкі паведаміў, што паводле гэтай заявы была праведзеная праверка ў дачыненні да Наздрына, а таксама пра тое, што са святаром «была праведзеная прафілактычная гутарка аб выкананні дзейнага заканадаўства РБ і недапушчэнні здзяйснення экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў». Заяву супраць святара падавала сумнавядомая гарадзенцам Вольга Бондарава і, такім чынам, зыніцыявала «прафілактычную гутарку» святара з міліцыянтамі.

На момант адказу ёй ніякіх парушэнняў законаў з боку Андрэя Наздрына не знайшлі, аднак, кіраўніцтва Гарадзенскай епархіі БПЦ МП, верагодна, вырашыла прэвентыўна пакараць нядобранадзейнага клірыка, каб ён раптам чаго горшага не зрабіў.

Святар вядомы сваімі антываеннымі заявамі супраць вайны ва Украіне, а ў 2020 заклікаў не распальваць варажнечу паміж народам і арміяй. Безумоўна, царква, якая падтрымлівае неаімперскую агрэсію Расеі супраць суседзяў і чые царкоўныя служкі бласлаўляюць зброю, якой забівалі і забіваюць людзей, ня можа дапусціць публічнага адхілення ад «лініі партыі» і мусіць рэпрэсаваць сваіх нешматлікіх шчырых святароў і вернікаў.