Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закону «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі», дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Акрамя іншага, папраўкі закрануць і моўныя пытанні.

Сярод іншага прапануецца змяніць артыкулы 21 і 22, дзе гаворыцца пра мовы навучання ў школах, ВНУ і іншых установах адукацыі. Жыхары Беларусі паводле закона будуць мець права на навучанне як на расейскай, так і беларускай мовах, але замест цяперашняй фармулёўкі «на беларускай або расейскай мовах» у законе будзе напісана «на беларускай і (або) рускай мовах».

Таксама з артыкула 21 прыбіраецца фраза: «Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у рэспубліцы». У артыкуле 22 будзе цяпер напісана, што ў дзіцячых садках і школах навучанне можа быць на замежнай мове па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і «пры наяўнасці ўмоў». Ключавыя словы “можа быць”.

А фактычна навучанне на мове нацыянальных меншасцяў ужо забаронена. Цяпер такога права пазбавяць і юрыдычна.