Мікалай Аўтуховіч ля таксоўкі сваёй фірмы

11 лістапада пачаўся працэс аб ліквідацыі ваўкавыскага прыватнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Ніка-Таксі», якім валодаў Мікалай Аўтуховіч, паведамляе «Вясна».

Ліцэнзію на перавозку Аўтуховіч атрымаў у 2002 годзе. У 2016 годзе фірму ўжо хацелі пазбавіць ліцэнзіі, але Ваўкавыскі райвыканкам паўторна яе зарэгістраваў.

Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску. Служыў у Аўганістане, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».

Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, меў у родным Ваўкавыску некалькі паспяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».

У 2004 годзе Аўтуховіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на так званых парляменцкіх выбарах.

Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся, калі ён даў паказаньні супраць работніка падатковай і звінаваціў яго ў карупцыі. Тады на ягоны бізнэс прыйшлі маштабныя праверкі. У адказ Аўтуховіч і яшчэ 30 чалавек праводзілі страйкі і галадоўкі пратэсту.

У 2006 годзе Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 3,5 года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго звінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з прычыненнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.

Тады прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кіляграмаў вагі. Праваабаронцы палічылі справу палітычна матываванай і прызналі Аўтуховіча палітвязнем.

Вызвалілі яго датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Еўразьвязу.

Аднак на волі ён прабыў нядоўга. У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі. Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасьці, а затым — у рыхтаваньні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў. Гэтыя абвінавачаньні засталіся бяз доказаў. У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў вязьніцы строгага рэжыму «за незаконнае захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за сваю барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі.

Трэці раз Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі ў сьнежні 2020 году. Улады абвясьцілі яго арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і нібы падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Удзельнікаў «групы» абвінавачвалі па 15 артыкулах Крымінальнага кодэксу і ўключылі ў тэрарыстычны сьпіс КГБ.

17 кастрычніка Аўтуховічу, якога звінавацілі па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «здрада радзіме» і «акт тэрарызму» прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня і штраф на тысячу базавых велічынь — 32 000 рублёў. Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязьнем.