Удзельнік падпольнай арганізацыі Саюз Змагання за Незалежнасць Беларусі, вязень савецкіх канцлагераў і турмаў, беларускі настаўнік Уладзімір Кісель нарадзіўся 20 лістапада 1922 года ў Клецку.

У другой палове 1930-ых гадоў Кісель скончыў сем класаў польскай школы, у 1941 годзе – савецкую сямігодку ў Клецку. У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясьвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе з сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». З восені 1944 года працаваў настаўнікам у Качановічах, потым у Рудаўцы на Нясвіжчыне, завочна скончыў педагагічнае вучылішча ў Нясвіжы, паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут.

У 1946 годзе Уладзімір Кісель удзельнічаў у заснаванні падпольнай патрыятычнай арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі», якая дзеіла ў Нясвіжскім, Клецкім, Стаўпецкім, Гродзенскім і іншых раёнах Беларусі. Кісель меў псеўданім «Раса». Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў у 1946 годзе на хутары Царская Ліпа (Нясьвіжскі раён), на сходзе прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гродзенскага педагагічнага інстытуту. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай з іх ведаў толькі кіраўнік гэтага звяна. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сіл, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасці Беларусі. У адпаведнасці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана і распаўсюджана антысавецкая ўлётка.

На пачатку 1949 года органамі савецкай дзяржбяспекі было арыштавана кіраўніцтва арганізацыі. Дзякуючы добрай канспірацыі, частка структур СЗНБ так і не была раскрытая. Уладзімір Кісель быў арыштаваны 25 лютага 1949 года ў Гродне і ўтрымліваўся ў мінскай «амерыканцы». У лістападзе 1949 года «за здраду радзіме, ускосны тэрор i антысавецкую прапаганду» засуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Беларускай Ваеннай Акругі да 25 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у правах і канфіскацыяй маёмасці, фактычна да савецкага канцлагеру. Тады (15-17 чэрвеня 1949 года) на розныя тэрміны зняволення былі засуджаны 17 членаў СЗНБ (яшчэ адну сяброўку СЗНБ, Веру Касмовіч, судзілі асобна).

Зняволенне Кісель адбываў у Джэзказганскім канцлагеры ў Казахстане і крытай турме ў чачэнскім Грозным. Вызвалены быў толькі ў 1960 годзе, рэабілітаваны. Пасля вызвалення вярнуўся ў Гродна, дзе працаваў настаўнікам матэматыкі ў вясковай школе Грандзічаў. Уладкавацца на працу было вельмі цяжка, Кісялю дапамог іншы беларускі адраджэнец – Апанас Цыхун. Пазней Кісель напісаў успаміны пра падзеі ў Клецку, арганізацыю, лагернае жыццё.

У 1990-ыя гады быў сябрам Дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў. Сын Уладзіміра Кісяля Зміцер – актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху на Гродзеншчыне ў 1990-ых гадах, значны час супрацаваў з газетай «Пагоня» і беластоцкай «Нівай».

Памёр Уладзімір Кісель у Гродне 24 жніўня 1999 года. Пахаваны побач з жонкай Галінай Аляксандраўнай Генаш, таксама былой студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, удзельніцай Саюза змагання за незалежнасць Беларусі і палітычнай зняволенай, на Авульсаўскіх могілках пад Гроднам. У 2018 годзе ў Гродне выйшла кніжка «Адзін з першых. Памяці сябра. Зміцер Кісель». Трэцяя частка гэтага выдання змяшчае ўспаміны Уладзіміра Кісяля, запісаныя некалі Андрэем Мельнікавым.