Днямі ў Гародні прайшоў шэраг ператрусаў і затрыманняў. Сярод затрыманых і сваякі Карыны Маліноўскай, якая была змушана раней выехаць з Беларусі. Яна расказала Беларускаму Радыё Рацыя пра пратэсты 2020 году, сваю эміграцыю і затрыманне родных.

РР: Давайце прыгадаем вашу гісторыю. Вас затрымалі 11-га жніўня ў 2020. Што было далей?

– Мяне затрымалі са сваёй машыны. Далей яны прывезлі мяне ў РАУС. Спачатку не білі, запужвалі тым, што мой дзіцёнак у дзіцячым доме, што яго ўжо забралі. Праўдападобна, што яны чакалі гэтых байцоў, якія збівалі людзей у спортзалах. Праз нейкі час прыйшлі двое і як толькі зайшлі, то адразу мяне скінулі з лаўкі падзатыльнікам па галаве. Цягалі за валасы, фатаграфаваліся са мной. Я ж блогер. Яны казалі:”Мы выставім, што ты з намі супрацоўнічаеш, цябе твае ж заб’юць”. Кажу: „Добра, давайце фатаграфавацца”. Пасля яны склалі пратакол і сказалі падпісаць. Я пабачыла, што яны мяне затрымалі, бо я мацюкалася, кідалася на людзей. Я сказала, што не буду гэта падпісваць, бо гэта не праўда. Мяне хтосьці з іх знянацку ўдарыў у ніз жывата. Яны зразумелі, што я не падпішу. Вось што было.

РР: Давайце ўдакладнім.

– Я на гэты час была цяжарнай, але яны пра гэта не ведалі. Я і сама да канца не была ўпэўнена, бо не прайшла медычныя абследаванні ў шпіталі. Я маўчала. Пасля, калі мяне закрылі, то мне стала дрэнна праз нейкі час. Я сказала: „Выклікайце хуткую, я цяжарная”. Тады яны вельмі моцна спужаліся. Да мяне прыйшлі начальнікі і сказалі: „Калі ты не цяжарная, то мы цябе заб’ём тут”. Я кажу: „Добра, выклікайце лекара”. У РАУСе дзяжурыла хуткая.

РР: Хто так сказаў?

– Я не памятаю гэтага чалавека. Яго ведае мая маці, бо ён да яе выходзіў. Я абгрунтавала гэта, каб яны аказалі мне дапамогу. Мяне вывелі ў дворык, дзе стаяла хуткая. Лекарка сказала, што яна напэўна хлусіць. Вы можаце завесці яе ў шпіталь, каб упэўніцца. То бок мяне завезлі ў шпіталь, паслухалі. Я пры супрацоўніках міліцыі прайшла тэст на цяжарнасць, усё пацвердзілася. Мне была патрэбная далейшая шпіталізацыя. Мне сказалі: „Мы прыкуём цябе кайданкамі. Лепш проста адмоўся ад шпіталізацыі, то бок напішы адмову. Ты ў нас вечар пасядзіш у кабінеце, дачакаешся суддзі, цябе асудзяць і адпусцяць”. Я адмовілася, паслухала іх, а не лекараў. Мяне зноў завезлі назад. Я дачакалася мужчын, якія былі збітыя ў спортзалі. Нас пагрузілі ў адзін мікрааўтобус і павезлі ў турму. У турме мне зноў стала дрэнна і фельчар зноў выклікаў хуткую і сказаў, што я паеду без суправаджэння. Можна сказаць выратаваў мяне.

Поўнасцю размову слухайце ў далучаным файле: