
Гарадзенскі палітвязень, журналіст Дзяніс Івашын сустракае чарговы свой дзень нараджэння за кратамі. Мужнасць і цвёрдасць сапраўднага патрыёта краіны, якога жорстка пераследуюць па палітычных матывах за публіцыстычную працу журналіста-расследвальніка, проста ўражвае.
Ужо 817 дзён Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні. 24 дні ад яго няма ніякай карэспандэнцыі, а таксама тэлефанаванняў. Хутчэй усяго апошнія 23 дні палітвязень знаходзіцца ў штрафным ізалятары.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці».
У Дзень беларускага палітвязня 21 траўня Дзяніс Івашын быў узнагароджаны Радай БНР медалём Ордэну Пагоні.
Шчыра віншуем Дзяніса з Днём нараджэння, зычым яму здароўя, сілы веры і хутчэйшага вызвалення!
Напішыце журналісту: Дзяніс Яўгенавіч Івашын ПК №15, 212013, г. Магілёў, п/о Вейна, Слаўгарадская шаша 183
