Стала вядома, што разам з Паўлам Мажэйкам у рамках крымінальнай справы будуць судзіць і былую адвакатку Юлію Юргілевіч. Абодвух вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК). Разгляд справы пачнецца 10 ліпеня ў Гарадзенскім абласным судзе.

Нагадаем, Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 год. Яна абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага, Дзяніса Івашына.

23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства».

Юргілевіч у лютым з’ехала з Беларусі, але вярнулася ў канцы жніўня праведаць маці і сустрэць у Гародні свой дзень нараджэння. Тады яе і затрымалі. З таго часу больш 10 месяцаў Юлія Юргілевіч пад вартай у зняволенні.