Абноўлены закон «Аб грамадзянстве» ўступіў у сілу 11 ліпеня. Згодна з ім, беларусы абавязаныя апавяшчаць дзяржаўныя органы аб атрыманні замежнага грамадзянства, дазволу на жыхарства або іншых дакументаў, якія даюць ільготы і прэферэнцыі ў іншых краінах. МУС Беларусі разам з МЗС выпусцілі інструкцыю, як менавіта беларусы павінны гэта рабіць. Яна была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з інструкцыяй, інфармаванне ўладаў можа ажыццяўляецца адным з наступных спосабаў: 

  • праз яе размяшчэнне грамадзянінам у электронным выглядзе ў асабістым кабінеце адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па адрасе platform.gov.by;
  • пры асабістым звароце заяўніка ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы па месцы знаходжання заяўніка;
  • праз дзяржаўную адзіную (інтэграваную) рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці ўнясення інфармацыі аб замежных дакументах такім спосабам дапускаецца яе накіраванне ў органы дыпламатычнай службы па электроннай пошце ў даменным імені mfa.gov.by;
  • шляхам накіравання пісьмовага звароту грамадзяніна ў орган унутраных спраў або орган дыпламатычнай службы.

Інфармаваць беларускія ўлады аб тым, што дзіця мае які-небудзь замежны дакумент, павінны яго законныя прадстаўнікі. 

Паведамляць трэба не толькі пра атрыманне, напрыклад, дазволу на жыхарства, але і пра яго прадаўжэнне.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Адказнасць за неперадачу гэтай інфармацыі ў інструкцыі не прапісана.

Раней у МУС абяцалі паглядзець, наколькі актыўна грамадзяне будуць апавяшчаць органы ўнутраных спраў або дыпламатычныя службы аб атрыманні замежных дакументаў. У выпадку, калі «актыўнасць грамадзян будзе не вельмі вялікая», абяцалі «ўнесці прапановы для таго, каб неяк стымуляваць грамадзян».

Але, як паказвае практыка, збіраць звесткі пра такія дакументы улады пачалі яшчэ летась. Паралельна з гэтым на дзяржаўных прадпрыемствах аказваюць ціск на ўладальнікаў карты паляка. Людзей змушаюць адмовіцца ад яе, пагражаюць звальненнем з працы.

Таксама з вясны гэтага года адзначаецца, што пагранічнікі пачалі ўсё часцей патрабаваць дазвол на жыхарства ці іншыя дакументы ў тых беларусаў, якія падаюць пашпарт без дзейнай візы пры выездзе ў ЕС. Хоць па законе для выезду за мяжу дастаткова мець толькі пашпарт.
https://nashaniva.com/323517