
У Мастах адкрылі новую швачную вытворчасць. Цяпер на малым прадпрыемстве працуе 23 чалавекі. Швачныя цэхі размяшчаюцца на арэндаваных плошчах у прамысловай частцы гораду.
Падкрэсліваецца, што прадпрыемства экспартна арыентаванае, прычым амаль уся прадукцыя ідзе на расейскі рынак. Пра гэта расказала «СБ».
Дырэктар ААТ «Швейная фабрыка ЭлодТэкстыль», якая размяшчаецца ў Гародні, Віктар Несцярук расказаў чаму было вырашана стварыць такі філіял у Мастах. Рэч у тым, што ў Гародні адчуваецца востры брак працоўных кадраў. Было вырашана шукаць рабочыя жаночыя рукі на перыферыі. Несцярук адзначыў, што раней прадпрыемства супрацавала з еўрапейскімі краінамі, але зараз надышоў іншы час, практычна ўся прадукцыя, а гэта пераважна жаночае адзенне, адпраўляецца ў Расею. Усяго на «Элодзе» агулам у Гародні і Мастах працуюць 93 чалавекі. Сярэдні заробак па словах дырэктара – 1 300 рублёў.
