
У судзе Гарадзенскага раёну 7 жніўня пачаўся і ў той жа дзень закончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 55-гадовага жыхара Верцялішак Аляксандра Бірэты. Суддзя Віталь Сініла прысудзіў яму два гады калоніі агульнага рэжыму. Пракурор запытваў тры гады калоніі.
У працэсе фігуравалі 6 эпізодаў, Бірэту звінавацілі ажно па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі),
ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі),
арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады),
арт. 188 (Паклёп).
Акрамя гэтага Бірэту засудзілі да 1 тысячы беларускіх рублёў штрафу. “Пацярпелая” омоновка Марыя Мазуркевіч хацела ўдвая большую суму “маральнай кампенсацыі”.

Аляксандр Бірэта
Яшчэ раней, 17 лютага бягучага году, Аляксандра Бірэту судзілі па частцы 1 артыкулу 19.10 КаАП за нібыта прапаганду нацысцкай сімволікі і па частцы 2 артыкулу 19.11.
Да падавання і разгляду апеляцыйнай скаргі Бірэта будзе заставацца ў гарадзенскай турме.
