
У Беластоку ўвечары 9 кастрычніка прайшоў спектакль прысвечаны Анджэю Пачобуту і іншым палітвязням лукашэнкаўскага рэжыму. У кінатэатры “Тон”, што ў самым цэнтры гораду паказ зладзілі Гістарычнае таварыства ім. Дануты Седзікуўны і тэатр ім. Стэфана Ярача з Лодзі. Шматлікія гледачы ўбачылі спектакль «Размовы з катам» Казіміра Мачарскага ў апрацоўцы Зыгмунта Хюбнера. Рэжысёр Міхал Храсінскі.
«Размовы з катам» — адна з самых вядомых у сусветнай літаратуры вівісекцый чалавечай душы — ахвяры і ката — пастаўленых адзін на адзін у цеснай турэмнай камеры, асуджаных адзін на аднаго рашэннем сталінскіх уладаў. Дзевяць месяцаў разам праводзяць гераічны жаўнер Арміі Краёвай, камандзір падпольнай інфармацыйнай службы Казімір Мачарскі і нямецкі нацысцкі злачынец, ліквідатар Варшаўскага гета Юрген Строп.
Паказ спектаклю быў вельмі цёпла прыняты гледачамі.



