Стала вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Гародні 30 кастрычніка быў абвешчаны прысуд жыхару Менску Вячаславу Чарнецкаму, якога звінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Наталля Козел.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчыну затрымалі напрыканцы ліпеня ў Гародні, калі ён летам вяртаўся з-за мяжы ў Беларусь і што ён нібыта напісаў каля 1000 каментароў у “экстрэмісцкіх” каналах і чатах.

Вячаслаў Чарнецкі – жыхар Менску, жанаты, захапляўся пейнтболам. Паведамляецца, што сілавікі змаглі адшукаць Чарнецкага, паколькі ён падпісаў свой акаўнт у тэлеграм сапраўдным імем і прозвішчам.

Па матэрыялах абвінавачання, Вячаслаў змясціў каментары ў ТГ канале “Рэальная Беларусь”. Як устанавіла экспертыза, “у тэксце каментароў маецца негатыўная ацэнавая моўная адзінка, якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання на адрас Лукашэнкі і прэзідэнта Расейскай Федэрацыі”.

Суд прызначыў Чарнецкаму пакаранне – абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Вясна