Мануэла Ротман

У межах кампаніі салідарнасці ад Libereco #WeStandBYyou Джулія Пастарэла (Палата дэпутатаў Італіі, “Azione”), Юозас Алекас (Еўрапейскі парламент, “Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў”) і Мануэла Ротман (нямецкі Бундэстаг, “Альянс 90 / Зялёныя”) сталі “хроснымі” палітвязняў у Беларусі.

“Хроснай” журналіста і палітвязня Паўла Мажэйкі стала Мануэла Ротман.

Павел Мажэйка працаваў журналістам да свайго арышту 30 жніўня 2022 года. Яго затрымалі праз артыкул, які ён напісаў пра Алеся Пушкіна, палітвязня, які нядаўна памёр у зняволенні. Па словах яго маці, якая наведвала яго ў турме, у Паўла былі выяўленыя сляды катаванняў. Суддзя засудзіў яго паводле артыкула 361-4/2 КК РБ за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. Павел павінен адбыць ажно шасцігадовы тэрмін у “папраўчай” калоніі.

Мануэла Ротман — дэпутатка нямецкага Бундэстага ад партыі “Альянс 90 / Зялёныя”. Яна стала хроснай Паўла Мажэйкі — і гэта ўжо не першы раз, калі дэпутатка бярэ на сябе такую ролю. Яна тлумачыць:

“Я падтрымліваю ўсіх людзей у Беларусі, якіх пераследуюць па палітычных матывах, і якія, нягледзячы на небяспеку і дзяржаўны тэрор, бароняць права на свабоду выказвання меркаванняў, вяршэнства закона і абарону правоў чалавека. Яны заслугоўваюць маёй салідарнасці і маёй глыбокай павагі. Менавіта таму я ўзяла на сябе абавязкі “хроснай” Паўла Мажэйкі, журналіста, засуджанага да шасці гадоў турэмнага зняволення за “падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці” за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. Свабода друку, свабода выказвання меркаванняў і права на справядлівае судовае разбіральніцтва з’яўляюцца правамі чалавека. Іх неабходна абараняць і выконваць у любых абставінах. Таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення Паўла Мажэйкі і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі #WeStandBYyou”.