Афіцыйна заяўлена, што па 60 акругах выбараў у Гарадзенскі абласны савет зарэгістраваны ўсяго 121 кандыдат. Пры падрыхтоўцы да кампаніі ўлады выявілі амаль дакладны матэматычны разлік – за выняткам адной ці двух акругаў, дзе было па тры фігуранты, на ўсіх астатніх – роўна па два кандыдаты.

Пачаткова ў спісе было 122 прэтэндэнты, аднак аднаго чалавека ўсё ж не зарэгістравалі кандыдатам. Інфармацыі каго менавіта «знялі з прабегу» пакуль няма.

Амаль па ўсіх акругах лёгка пралічваецца хто менавіта стане «дэпутатам», а хто проста грае ролю статыста і спарынг-партнёра. Хіба ж можа, прыкладам, па трэцяй выбарчай акрузе начальнік Ваўкавыскай ветэрынарнай станцыі Павел Лойка скласці канкурэнцыю намесніку пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэю Скурату? Па Універсітэцкай выбарчай акрузе №15 ідзе дырэктарка адкрытага акцыянернага таварыства «Молочный мир» Марына Анікеева, яе дублёрша – сціплая загадчыца дзіцячага садку Ларыса Васюкевіч. Яшчэ адна загадчыца іншага дзіцячага садку – Аксана Гаўрон страхуе па Дзяржынскай выбарчай акрузе №19 набліжаную да верхніх эшалонаў улады рэктарку Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы – Ірыну Кітурку. Па Шчучынскай выбарчай акрузе №57 цяперашняя кіраўніца абласнога савету Алена Пасюта выразна дамінуе над Вольгай Стэфановіч, спецыялісткай па сацыяльнай працы. Падобны выразны расклад амаль па ўсіх акругах.

Усяго ў спісе кандытаў фігуруе 58 прадстаўнікоў «Белай Русі», 29 членаў Камуністычнай Партыі Беларусі і 2 прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Астатнія кандыдаты пазначаны як беспартыйныя.