
Памежная ахова Польшчы апублікавала 2 лютага відэа з польска-беларускай мяжы, на якім бачна, як група мігрантаў хутка перамяшчаецца ўздоўж памежнага плоту з беларускага боку. Пры гэтым незаконных пераходаў мяжы польскія памежнікі не фіксуюць ужо цягам некалькіх дзён.
«Нягледзячы на тое, што цягам некалькіх дзён мы не фіксавалі спробаў нелегальнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы, мы па-ранейшаму назіраем групы мігрантаў, якія рухаюцца з беларускага боку ўздоўж мяжы нашай краіны», – паведамляе Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы.
Людзей, якія перамяшчаліся ўздоўж польскай мяжы, шукаючы спосабы яе перайсці, бачылі ўчора на памежнай заставе ў Белавежы. Як сцвярджаюць польскія памежнікі, мігранты з’яўляюцца каля мяжы штодзень. Сітуацыю дапамагае кантраляваць электронная загарода, дзякуючы якой памежная ахова адсочвае перамяшчэнні з беларускага боку.
Як паведамляе Беларуская служба Польскага радыё, МУС Польшчы паспрабуе змяніць падыходы да мігрантаў на мяжы з Беларуссю: «стаўленне да іх будзе больш гуманным». Новае кіраўніцтва ведамства гаворыць пра стварэнне пошукава-выратавальных групаў, а таксама пра змены пастановы аб прымусовым вяртанні замежнікаў на беларускі бок (pushback).
З пачатку 2024 года ў Польшчу з боку Беларусі спрабавалі незаконна трапіць 88 чалавек. Між тым, у студзені 2023 года было зафіксавана 1400 спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Аднак казаць пра тое, што мігранцкі крызіс на мяжы з Беларуссю скончыўся, пакуль заўчасна, мяркуюць эксперты.
Белсат
