МЗС Польшчы прыняў рашэнне падвысіць кошт сваіх візаў. Гэтая мера стане адказам на леташні візавы скандал. Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі расказаў у інтэрв’ю выданню Gazeta Wyborcza.

«Я ўжо вырашыў падняць цэны на візы, таму што выявілася, што нашы візы былі аднымі з самых танных у ЕС. Таму нядзіўна, што ахвотныя ў Афрыцы ці Азіі ішлі ў польскае консульства, у нас проста было танней», — патлумачыў рашэнне Сікорскі.

Праўда, ён не ўдакладніў, закране падвышэнне візаў усе краіны ці толькі тыя, консульствы якіх былі замяшаныя ў скандале.

У 2023 годзе стала вядома, што польскія консульствы выдавалі візы па карупцыйных схемах, а многія мігранты, якія прыбылі ў Польшчу нібыта для працы, насамрэч маглі выехаць у іншыя краіны Еўразвязу.

Нядаўна па гэтай справе выставілі абвінавачванні былому намесніку міністра замежных спраў Польшчы Пятру Ваўжыку. Тады паведамлялася, што парушэнні ўстаноўленыя ў польскіх дыпламатычных місіях у Ганконгу, на Тайвані, у ААЭ, Індыі, Савудаўскай Арабіі, Сінгапуры, на Філіпінах і ў Катары.