
Лукашэнка зрабіў змены ў Воінскія статуты Узброеных сіл Беларусі. Інфармацыя пра гэта з’явілася на Нацыянальным прававым партале. Указ падпісаны 1 лютага.
У Статут унутранай службы Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спецсродкі, баявую і спецыяльную тэхніку пры выкананні ўскладзеных на іх задач».
«Вайсковец мае права прымяняць зброю з улікам наяўнай абстаноўкі, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння і асобы правапарушальніка. Аб раненні або смерці грамадзяніна ў выніку прымянення вайскоўцам зброі, спецсродкаў і баявой спецтэхнікі паведамляецца пракурору. Вайсковец не нясе адказнасці за прымяненне зброі ў адпаведнасці з прымяненнем воінскіх Статутаў», — гаворыцца ў новай рэдакцыі Воінскіх статутаў, зацверджанай Лукашэнкам.
У Статуце запісана, што патэнцыяльнае прымяненне «фізічнай сілы, спецсродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі» і яго наступствы павінны быць дакладна зразумелымі чалавеку, супраць якога будуць прымененыя, і вайсковы павінен аказаць гэтаму чалавеку пасля ранення медычную дапамогу.
Крыніца: Свабода
Фота: “Ваяр”
