Стала вядома, колькі ў Беларусі школьнікаў навучаецца ў так званых класах “ваенна-патрыятычнай скіраванасці”. У Мінадукацыі кажуць, што па ўсёй краіне іх налічваецца амаль 4 тысячы чалавек. У 220 установах адукацыі створаны 337 адпаведных профільных класаў.

Чыноўнікі адзначаюць, што “яшчэ адным сегментам ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі з’яўляецца кадэцкая сістэма”. У дзевяці кадэцкіх вучэльнях налічваецца 1800 навучэнцаў.

Пасля падаўлення масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020-м і падчас рэпрэсій рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна заняўся “патрыятычным” выхаваннем моладзі. Для гэтага прыцягваюцца сілавікі, з іх удзелам ствараюцца “ваенна-патрыятычныя клубы”, у якіх прапагандысты апрацоўваюць хлопчыкаў і дзяўчынак (для гэтага прыцягваюць нават расейскіх наймітаў). У школах з’явіліся кіраўнікі па “ваенна-патрыятычным выхаванні”. Стаіць задача выхаваць не патрыётаў, якія любяць сваю Радзіму і ведаюць яе сапраўдную гісторыю, а лаяльных рэжыму людзей.

Раней мы расказвалі пра стварэнне на Гарадзеншчыне розных нібыта патрыятычных, а насамрэч прарасейскіх класаў і клубаў у школах. Так у Гародні ў СШ №28 быў адкрыты “военно-патриотический” клуб “Фаворит”. А ў Шчучыне створаны “Военно-патриотический клуб “Дружина” имени святого Александра Невского”.