
Тут была шыльда ў памяць Тадэвуша Касцюшкі / hrodna.life
Са сцяны Новага замка ў Гродне знікла драўляная мемарыяльная шыльда, прысвечаная перабыванню ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, напісала Hrodna.life.
Размяшчалася яна злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка — прыкладна тыдзень-паўтара таму. Дырэктарам музея, які размяшчаецца ў Новым замку ёсць Юрый Кітурка, які нічога не зрабіў, каб захаваць памятную шыльду.
Шыльда прысвячалася падзеям паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і сам Касцюшка. 30 кастрычніка 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.
Варта дадаць, што месяц таму, 24 сакавіка, акурат споўнілася 230 гадоў з пачатку паўстання Касцюшкі.

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746−1817) — нараджэнец Беларусі. Ён лічыцца нацыянальным героем у Беларусі, ЗША, Літве і Польшчы.
Супраць памяці Касцюшкі актыўна ваюе прарасейская актывістка Ольга Бондарева з Гродна. Улетку 2023-га яна папрасіла Гарадзенскі гарвыканкам прыбраць са спісу знакавых для горада людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Гародні імя Кастуся Каліноўскага, а потым — і Тадэвуша Касцюшкі. Першага яна назвала “польскім тэрарыстам”, другога — “змагаром за Польшчу супраць Расеі”. Абедзве згадкі зніклі з сайта ЦБС праз пару дзён.
