Аляксандр Лукашэнка пагражае палітуцекачам пераследам іх сваякоў у Беларусі, а таксама канфіскацыяй маёмасці, якая фактычна ўжо адбываецца. Пасля выступу на “Усебеларускім народным сходзе” старшыні КГБ Івана Тэртэля, які гаварыў пра падрыхтоўку беларусаў за мяжой “да захопу ўлады ў Беларусі”, Лукашэнка не ўтрымаўся і прыгразіў ім.

“Усе тыя, хто сёння збіраюцца нападаць на Беларусь і рыхтуюцца там, не забывайце — вы вельмі моцна шкодзіце сваім родным, — гаварыў ён. — Не забывайце, што ў вас тут нейкая уласнасць ёсць. Можаце забыць пра сваю ўласнасць! Але не стаўце пад удар сваіх родных. Не буду далей працягваць — ведаеце, ва што гэта можа выліцца”.

Сапраўды, гэта ўжо добра вядома: затрыманні, ператрусы ў сваякоў палітуцекачоў, крымінальныя справы. У дачыненні дзясяткаў палітуцекачоў у РБ распачалі “спецвытворчасць”. Завочныя суды — прыдумка лукашэнкаўскага рэжыму, каб разабрацца з тымі, да каго не могуць дацягнуцца рукі сілавікоў.

Еўрарадыё