
Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гродноин», якое валодае гарадскім парталам Grodno.in, падало ў суд на зацятую расейскую шавіністку Ольгу Бондареву.
Пасяджэнне «аб абароне дзелавой рэпутацыі» запланавана ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці на 25 красавіка. Суддзя — Эдуард Кароль, заўважыў канал «Право имеют».
Паводле вядомай даносчыцы, прычынай судовага пазову да яе стала размяшчэнне ёй 12 студзеня 2024 года паведамлення пра выставу, як яна выказваецца, «бчб-мастака Уладзіміра Сакалоўскага».
Бондарава ў допісе звяртала на тое, што рэкламу пра выставу «апублікавалі розныя сайты і каналы (у тым ліку экстрэмісцкія)», і з яе скрыншотаў вынікала, што «экстрэмісцкім» з’яўляецца сайт Grodno.in, які такім пакуль не прызнавалі. За гэта выданне і падало на даносчыцу ў суд.
Адносна выніку суда, які меў адбыцца сёння, Бондарава нічога не піша, але свой першасны пост скарэктавала. Цяпер скрыншот са згадкай Grodno.in з допісу выдалены, а акцэнт робіцца на публікацыі Reform.by — незалежнага выдання, якое на той момант таксама не было прызнана лукашыстамі «экстрэмісцкім», хоць і было заблакавана на тэрыторыі Беларусі.
https://nashaniva.com/341566

