У Літве назвалі дэзінфармацыяй заяву старшыні КГБ РБ пра “прадухіленне атак беспілотнікаў”. 25 красавіка ў сваім выступе на “Усебеларускім народным сходзе” Іван Тэртэль сцвярджаў, што з літоўскай тэрыторыі планавалі накіраваць баявыя дроны на Менск і яго прыгарады. Але КГБ з іншымі сілавымі структурамі правялі “шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў”, але не стаў удакладняць, што мае на ўвазе. Верагодна, гаворка пра нейкую правакацыю.

“100%, што гэта дэзінфармацыя… Тое, што Літва здзейсніць беспілотную атаку на Беларусь — гэта лухта, іншага слова не магу знайсці“, — сказаў у каментары lrt.lt прадстаўнік стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс. І дадаў, што заявы Тэртэля “выклікаюць толькі ўсмешку”.

Прэс-сакратар галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Літвы Жывіле Дыджгалвіене таксама зняпраўджвае інфармацыю старшыні КГБ РБ. “Варожая інфармацыйная дзейнасць характарызуецца распаўсюджваннем дэзінфармацыі і ілжывымі абвінавачваннямі, — кажа яна. — Літоўскія вайскоўцы не распачалі ніякіх варожых дзеянняў супраць іншых дзяржаў”.

Літоўскія эксперты выказваюць меркаванне, што заявы Тэртэля ці Лукашэнкі нярэдка могуць быць разлічаны выключна на ўнутраную аўдыторыю. А распаўсюджаная імі інфармацыя далёкая ад рэальнасці.