38 гадоў таму ляснуў Чарнобыль. Да прыходу Лукашэнкі гэта дакладна найвялікшая трагедыя для Беларусі пасля Другой сусветнай. “Новы Час” прааналізаваў адкуль можа ісці новая пагроза. У ліку іншых і Беларуская (Астравецкая) АЭС.

Беларуская АЭС: Гордасць Лукашэнкі

У выпадку беларускай станцыі тэхнічныя падрабязнасці занадта вядомыя, каб іх паўтараць. Будавалі яе восем гадоў, запускалі ўвосень 2020-га, калі яшчэ не сціхлі масавыя пратэсты. Пыхі было шмат, але адразу пасля пачатку працы пачаліся бясконцыя рамонты. Па вялікім рахунку, яны працягваюцца дагэтуль, называючыся «планавымі».

З аднаго боку, варта прызнаць, што сам праект неблагі. Грошы далі расейцы, БелАЭС будавалі па стандартах «Расатама», які працуе ў тым ліку і ў Еўразвязе. Іншая справа, што эканамічнае абгрунтаванне станцыі ў Астраўцы, мякка кажучы, спрэчнае. Асабліва сёння, калі праз вайну і санкцыі экспартаваць электраэнергію немагчыма. То паўстае пытанне: на халеры гэта станцыя ўвогуле? Што газ расейскі купляць, то ядзернае паліва — шмат не зэканоміш.

На БелАЭС буйных аварый не было, але небяспеку яна ўяўляе найперш не з тэхнічнага боку. З палітычнага. Нестабільныя або свавольныя рэжымы ўвогуле вызначаныя як фактары рызыкі ў атамнай энергетыцы, і ў гэтым шэрагу прыводзяцца прыклады таго ж Ірана, той жа Расеі. Краін, дзе ў выпадку чаго аўтакратыі не будуць лічыцца ні з экалогіяй, ні з чалавечымі жыццямі.

Што не будзе лічыцца Лукашэнка, сумневаў няма. Экалогія? Згадайце, як «элегантна» ён абнуліў праблему наступстваў Чарнобыля. Усё добра ў нас з забруджанымі раёнамі, чарнобыльскія ільготы непатрэбныя, статус ліквідатараў трэба адмяніць. Замест гэтага мы зноў будзем асвойваць землі на поўдні краіны, а хто кажа, што гэта небяспечна, той вораг. Ты бачыш радыяцыю? І я не бачу. Значыць, яе няма.

Чалавечыя жыцці? Стаўленне да іх Лукашэнкі беларусы ўбачылі падчас пандэміі ковіду. У той час, калі цывілізаваны свет цаной вялікіх эканамічных выдаткаў людзей зберагаў, дыктатар Беларусі проста «адмяніў» каронавірус. Тым самым чынам літаральна: ты бачыш вірус? І я не бачу. То яго і няма. Колькі беларусаў загінула ад такой злачыннай палітыкі, дакладна ніхто не ведае. Бо, заяўляючы пра «геніяльны» спосаб барацьбы з інфекцыяй, рэжым сарамліва хавае статыстыку. Але і так упэўнена можна сцвярджаць, што праз дрымучасць кіраўніка Беларусь страціла больш людзей, чым, уласна, ад Чарнобылю.

У гэтым палягае і небяспека БелАЭС. Калі раптам нешта здарыцца, лукашэнкаўцы не скажуць пра гэта праўды, не прымуць неабходныя захады і будуць хаваць наступствы. Карацей, зробяць усё для сябе і нічога для людзей.