
9 верасня 2024 года ў Гарадзенскім абласным судзе пачалі судзіць 26-гадовую Кацярыну Мендрык. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Карны працэс вядзе сумнавядомы суддзя Руслан Гурын. Ён засудзіў па крымінальных справах больш за 20 палітвязняў. Нядаўна яго падвысілі з суддзі Ленінскага раёна Гародні да суддзі Гарадзенскага абласнога суда.
30 жніўня праваабарончы цэнтр «Вясна» дадаў Мендрык у спіс палітвязняў.
Кацярыне Мендрык пагражае да сямі гадоў калоніі. Дзяўчыну, якая вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы, арыштавалі за дапамогу палітвязням.
Кацярыне Мендрык 26 гадоў. Згодна з інфармацыяй у сацсетках, яна нарадзілася ў Лідзе, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Гародню. Кацярына вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы.
Да затрымання па крымінальнай справе Кацярыну як мінімум двойчы асудзілі па палітычных адміністрацыйных пратаколах пасля перасячэння мяжы.
