Беларускі паэт, журналіст, педагог Уладзімір Шурпа нарадзіўся 9 верасня 1939 году ў вёсцы Саволеўка (Гарадзенскі раён).

Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў 7-годку ў в. Абухава (Гродзенскі р-н) і працаваў у Скідзельскай МТС (прыцэпшчыкам, вагаўшчыкам на камбайне, трактарыстам) у 1953-57 гадах, на Скідзельскім цукровым камбінаце (вучнем электрыка, электрыкам) у 1957-58 гадах. Адначасна вучыўся ў вячэрняй школе ў Скідзелі (скончыў у 1959). У 1964 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага педінстытута , працаваў настаўнікам, дырэктарам 8-годкі ў в. Ірцішкі Іўеўскага р-на (1964-67), дырэктарам СШ у в. Жамыслаўль Іўеўскага р-на (1968-69), настаўнікам (пэўны час дырэктарам вячэрняй школы) СШ у в. Чарнелі Іўеўскага р-на (1969-72), дырэктарам СШ у в. Каменка Гродзенскага р-на (1972-74). З 1974 працаваў журналістам на Гродзенскім абласным радыё. Друкаваў вершы з 1959. Суаўтар шэрагу калектыўных зборнікаў. У 1996 выдаў у Гародні кнігу лірыкі “Перазвон адліг”. Друкаваў апавяданні.

Невысокага роста, сціплы і шчыры чалавек, у інтэрнэце, на жаль, няма аніводнага яго здымка.

Вершы Уладзімір Шурпа пісаў з маленства. А друкавацца пачаў з 1959 году. Яго паэтычныя творы змяшчаліся ў многіх калектыўных зборніках. У прадмове да зборніка літаратурнай Гарадзеншчыны „Краю мой – Нёман” (Мн., 1986) Васіль Быкаў залічыў Уладзіміра Шурпу да „вопытных майстроў паэтычнага слова”.

Памёр Уладзімір Шурпа 10 траўня 1998 года, не дажыўшы нават да 60 гадоў.