Частка аб’ектаў Палацава-паркавага комплексу Святаполк-Чацвярцінскіх, які знаходзіцца ў мястэчку Жалудок Шчучынскага раёну, зноў трапіла на аўкцыён. Каштоўны лот, які аб’яднаў адразу некалькі пабудоў, з’явіўся на электроннай гандлёвай пляцоўцы “GOSTORG”.

Зараз гістарычны комплекс знаходзіцца ў валоданні Шчучынскага райвыканкаму і марудна разбураецца. Пару гадоў таму знакамітая сядзіба была канфіскавана ў ранейшага ўладальніка, які зрабіў пэўныя крокі па аднаўленні, але далей справа з розных прычын не пайшла.

На гэты раз на таргі трапілі адразу некалькі пабудоў, якія стаяць на тэрыторыі комплексу. У склад лота з пачатковым коштам 300 тысяч рублёў увайшлі: бытавое і каравульнае памяшканні (было рэканструявана ў 1991 годзе), некалькі складоў, сталоўка, а таксама адміністрацыйна-лабараторны корпус, які спачатку быў перабудаваны ў 1908 годзе, а крыху пазней — пераабсталяваны. У апошнім часткова захавалася арыгінальная ляпніна.

Збудаванні ўжо спрабавалі прадаць у верасні гэтага года за 600 тысяч рублёў. Але, на жаль, комплекс будынкаў з агульнай плошчай каля 4 тысяч квадратных метраў так і не знайшоў новага гаспадара. Кошт вырашылі знізіць удвая. Цяпер за аб’екты плануюць атрымаць каля 304 тысяч рублёў.

Будынак самога палацу пакуль не прадаюць.