Еўракамісія вырашыла адкласці ўвядзенне Сістэмы ўезду/выезду (EES) — аўтаматызаванага рэестра для падарожнікаў, які павінен быў запрацаваць праз месяц, 10 лістапада. Гэтая сістэма павінна замяніць традыцыйны фізічны штамп у пашпарце, паведамляе Euronews.com.

EES — гэта комплексная рэформа, якая распрацоўваецца ўжо даўно і неаднаразова адкладалася. Яе галоўная мэта — мадэрнізацыя праверак на замежных межах ЕЗ і замена традыцыйнага фізічнага штампа ў пашпарце.

Сістэма будзе распаўсюджвацца на грамадзян краін, што не ўваходзяць у Еўразвяз, якія прыязджаюць як турысты або з дзелавымі мэтамі і знаходзяцца тут 90 дзён у межах 180-дзённага перыяду.

Пасля ўвядзення сістэмы ў дзеянне, наведвальнікі пры прыбыцці павінны будуць прад’яўляць пашпарты, а таксама фатаграфавацца і рабіць электронны скан адбіткаў пальцаў. Усе ўезды і выезды з бязвізавай Шэнгенскай зоны будуць фіксавацца.

Збор біяметрычных даных і абмен інфармацыяй у рэальным часе закліканы дапамагчы ўладам спыняць дзейнасць тых, хто імкнецца перавысіць тэрмін кароткатэрміновай візы або здзяйсняе махлярства з асабістымі данымі.

У схеме прымуць удзел усе краіны-члены ЕЗ, акрамя Кіпра і Ірландыі, а таксама чатыры дзяржавы — асацыяваныя члены Шэнгенскага пагаднення: Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя.

На Кіпры і ў Ірляндыі штампы ў пашпартах па-ранейшаму будуць ставіцца ўручную.