Дыпламаты краін Еўразвязу і ЗША выступілі з супольнай заявай у гадавіну гібелі Рамана Бандарэнкі. У свіам звароце яны згадалі і беларускіх палітвязняў, якія загінулі за кратамі.

“12 лістапада 2020 года ад рук рэжыму загінуў Раман Бандарэнка. Амаль праз чатыры гады ў калоніі Беларусі памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. З 2020 года ў турмах Беларусі памерлі сем палітвязняў. Абарвалася занадта шмат жыццяў. Мы памятаем пра гэтыя ахвяры і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў”, — гаворыцца ў заяве дыпламатаў.

Пад ёй падпісаліся амбасады Германіі, Славакіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Літвы, Латвіі, Румыніі, Швецыі, Нідэрляндаў, ЗША, Аўстрыі, Балгарыі, Чэхіі, Ірляндыі.

Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 года пасля жорсткага збіцця на Плошчы Перамен. Афіцыйнае расследаванне яго справы спынілі. Сілавікі BYPOL выявілі, што першым Рамана ўдарыў баксёр Дзмітрый Шакута, а потым збiлi сiлавiкi, якiя займалiся баявымi вiдамi спорту. Таксама на Плошчы Перамен у тую трагічную ноч былі людзі, блізкія да Лукашэнкі — былыя хакеiсты Дзмітрый Баскаў i Павел Воўчак.

На жаль, смерць Рамана Бандарэнкі ад рук памагатых дыктатара не стала апошняй. Потым у вязніцы былі закатаваныя Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і іншыя. За кратамі катуюць палітвязняў і здзекваюцца з іх. Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек было забіта або закатавана рэжымам, а рэпрэсіі ў кране не спыняюцца.