На 15% скарацілася колькасць супрацоўнікаў Гарадзенскага мясакамбіната за дзевяць месяцаў 2024 года. На 1 студзеня на прадпрыемстве працавалі 2832 чалавекі, а на 1 верасня — ужо 2410. Дадзеныя пра беларускія арганізацыі, якія ў мінулым годзе страцілі найбольш супрацоўнікаў, апублікавалі «Кіберпартызаны».

ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» заняў 10-е месца ў краіне па колькасці звольненых супрацоўнікаў. Усяго за дзевяць месяцаў 2024 года ў Гарадзенскай вобласці звольнілі больш за 11 000 чалавек.

Якія яшчэ кампаніі з Гарадзенскай вобласці масава скарачалі супрацоўнікаў?

У топ-10 прадпрыемстваў па скарачэнні супрацоўнікаў па інфармацыі «Кіберпартызанаў» увайшлі яшчэ тры фірмы, зарэгістраваныя ў Гродзенскай вобласці. Гэта «ЗахадХімТорг» з Іўя, якая кіравала сеткай крам «Остров чистоты и вкуса», а таксама звязаныя з ёй «ЗахадХімІнвест» і «ЗахадХімСэрвіс». Усяго гэтыя кампаніі звольнілі 3800 чалавек.

Кампаніі некалі паспяховага бізнесмена Віктара Рамука аказаліся на мяжы банкруцтва і ліквідацыі. Брэнд «Остров чистоты» выкупіла кампанія «АйландГруп», якая зноў адкрыла частку крамаў увосень 2024 года.

Скарачэнні ў ЖКГ, на заводах і ў бальніцах

У многіх раёнах Гарадзенскай вобласці лідарамі па скарачэнні супрацоўнікаў сталі камунальныя гаспадаркі. Зэльвенская ЖКГ страціла 27 супрацоўнікаў, Ваўкавыская камунальнае гаспадарка — 46, Скідзельская ЖКГ — 39, Іўеўская ЖКГ — 45.

Сярод прадпрыемстваў: агракамбінат «Скідзельскі» страціў 81 супрацоўніка, ААТ «Мастоўдрэў» — 62.

Медыцынскія ўстановы таксама пацярпелі. Штат Воранаўскай раённай бальніцы зменшыўся на 16 чалавек, Наваградскай больніцы — на 24, Шчучынскай больніцы — на 31. На прадпрыемстве «Лідаспецаўтатранс» звольнілі 123 супрацоўнікі — усіх, акрамя аднаго.

«Люстэрка» праверыла інфармацыю «Кіберпартызанаў». Па некаторых прадпрыемствах лічбы звальненняў супадаюць, па іншых ёсць разыходжанні са статыстыкай сярэдняга штату супрацоўнікаў за год, якую публікуе сэрвіс kartoteka.by.

hrodna.life