Цягам трох дзён красавіка праз беларуска-польскую мяжу спрабавалі пранікнуць 420 мігрантаў. Памежнікі фіксуюць значны рост прарываў. 

Прэс-служба польскіх памежнікаў адзначае, што асобы, якія атакуюць мяжу, паводзяцца агрэсіўна і кідаюць у памежнікаў камяні. 

«1 красавіка на мяжы з Беларуссю былі зафіксаваныя 110 спробаў незаконна трапіць у Польшчу, амаль усе з іх былі спыненыя. У дачыненні дзвюх асобаў былі праведзеныя захады з мэтай іхнага затрымання. У бок патрулёў кідаліся камяні. Пашкоджаныя два транспартавыя сродкі Памежнай службы», – напісалі польскія памежнікі ў сваім акаўнце ў Х.

2 красавіка мяжу спрабавалі мінуць 180 асобаў, з іх спыніць удалося 150. Пры гэтым мігрантам удалося праламаць агароджу. 

3 красавіка былі зафіксаваныя 130 спробаў нелегальна перайсці мяжу. Супраць дзевяці асобаў былі ўжытыя захады для затрымання, яшчэ двух чалавек затрымалі за пасобніцтва.

Адметна, што з 28 да 30 сакавіка польскія памежнікі зафіксавалі 620 спробаў незаконнага пераходу.

У тэлеграм-канале «Што думаюць беларусы», які сочыць за колькасцю пераходаў мяжы, адзначаецца, што колькасць спробаў нелегальна трапіць у краіны ЕЗ з тэрыторыі Беларусі расце ўжо 5 тыдняў запар.

Белсат