
У судзе Барысаўскага раёна асудзілі за “злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі” (ч. 1 арт. 411 КК) палітзняволенага Уладзіміра Кнігу — яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. Прысуд Людміла Зінкевіч 5 лютага 2025 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер, піша Фонд “Краіна для жыцця”. Гэта другая крымінальная справа за кратамі паводле гэтага артыкула супраць палітвязня. Пры гэтым Уладзімір Кніга з верасня 2023 года ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада — ягонае месцазнаходжанне невядомае.
Нагадаем, былога сілавіка і валанцёра каманды Уладзіміра Кнігу затрымалі 4 чэрвеня 2020 года. На судзе ён, як і ўсе, не прызнаў віну і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай у Гародні падчас збора подпісаў за Святлану Ціханоўскую — правакацыя сілавых ведамстваў Беларусі. Палітзняволены на судовым працэсе адзначаўся сваёй прынцыповасцю і нязломнасцю.
У выніку Уладзіміра асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Адбываць тэрмін Уладзіміра Кнігу адправілі ў папраўчую калонію № 14 у Навасадах. Але ў хуткім часе палітвязню ўзмацнілі рэжым і змясцілі ў турму № 8. Вядома, што там яго больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА. У ліпені 2023 года палітвязня асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы) яшчэ да года калоніі.
З верасня 2023 года Уладзіміра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Вядома, што ў калоніі яго змяшчалі ў ПКТ і рэгулярна выпісвалі новыя парушэнні. Акрамя гэтага, пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў.
У студзені 2025 года суд Барысаўскага раёна разгледзеў ужо другую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Дадаткова яму прызначылі год.
Вясна
