
Вольга Івашына, удзельніца беларускага грамадскага руху, жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына адрэагавала на словы Лукашэнкі, якія ён сказаў пра палітвязняў. Той заявіў, што палітвязняў няма куды дзяваць – у Беларусі, маўляў, іх нельга трымаць, а за мяжой яны нікому не патрэбныя. З гэтай нагоды Вольга Івашына піша:
“Я хацела б выказацца наконт нядаўняй заявы фактычных уладаў Беларусі што да вызваленьня палітвязьняў. Маўляў, яны (палітвязьні) у краіне застацца ня могуць, а вывозіць іх няма куды, бо яны там за мяжой нікому не патрэбныя.
Дык вось я асабіста магу сказаць, што датычыць майго мужа Дзяніса Івашына: мне ён патрэбны на волі сёньня і заўсёды!
Паколькі я легальна знаходжуся ў Рэспубліцы Польшчы ўжо больш за 3 гады, маю працу, жытло, сплачваю падаткі і магу зьвярнуцца з просьбай пра легалізацыю тут Дзяніса на падставе ўзьяднаньня нашай сям’і, а сам Дзяніс зможа тут працаваць, бо праца і магчымасьці для працы ў Польшчы ёсьць, я адказна заяўляю, што з найвялікшай радасьцю прыму свайго мужа Дзяніса ў Польшчы, прыеду сустрэць яго на любы памежны пункт. І калі згаданая заява вышэйшай ўлады Беларусі зроблена ўзважана і адказна, то няхай бы вызвалілі майго мужа, журналіста Дзяніса Івашына, каб сям’я нашая нарэшце ўзьядналася. Я ня думаю, што нехта казаў бы штосьці дрэннае, калі б такое сталася”.
