
“Вясна” ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах, а таксама праз перавышэнне паўнамоцтваў і ціск з боку сілавікоў. На жаль, гэты матэрыял увесь час абнаўляецца. Па стане на дзявятага верасня 2025 года, дзевяць беларусаў памерлі за кратамі, яшчэ мінімум пра тры смерці людзей на волі праз ціск ці наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах. Акрамя гэтага, у выніку ўжывання ўладамі сілы ў адказ на мірныя сходы ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года загінулі як мінімум тры чалавекі.
Трэцяга верасня ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Палітвязня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і восемь месяцаў зняволення. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. Прычынай смерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша. Іншыя абставіны смерці палітзняволенага пакуль невядомыя. Афіцыйныя крыніцы ў сілавых структурах пакуль ніяк не каментавалі здарэнне. У Андрэя засталося трое дзяцей. Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі, і другая — грамадзяніна Расіі.
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15
Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі, і другая — грамадзяніна Расіі.
Напачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Абставіны трагедыі незразумелыя. Дакладна невядомая і дата смерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года. Таксама няма пэўнасці, ці Штэрмер памёр у калоніі, ці быў вывезены ў бальніцу — турэмную альбо цывільную. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за восем каментароў супраць уварвання Расіі ва Украіну. Валянцін Штэрмер стаў восьмым палітвязнем, які загінуў у няволі. Былы палітвязень Дзмітрый Лукша, які знаходзіўся ў адным атрадзе са спадаром Валянцінам, расказаў, што ў калонію мужчына прыехаў пасля інсульту, пры гэтым яго кінулі ў ШІЗА. Штэрмер вельмі запаволена казаў і хадзіў з цяжкасцю: зімой паслізнуўся і ўпаў, у яго быў ці то пералом рукі, ці то вывіх.
“Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА”
Першага лістапада 2024 года стала вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. Ён прабыў у калоніі менш за месяц. Дакладная прычына смерці невядомая. Летам яго асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму за “шпіянаж” (арт. 358 Крымінальнага кодэксу) і “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Гэта стала сёмай смерцю палітвязня за кратамі.
У магілёўскай калоніі № 15 памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр
9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч. Яго абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Мужчыну затрымалі 29 лютага ў Брэсце, з таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка. У высновах аб смерці пазначана, што Аляксандр Кулініч памёр праз ішэмічную хваробу сэрца. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся. Акалічнасці затрымання Аляксандра Кулініча невядомыя. Гэта стала шостай смерцю палітвязня за кратамі.
У брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі
На 64-м годзе жыцця напрыканцы лютага 2024 году памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за “паклёп на Лукашэнку” за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”. Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр ў турэмнай бальніцы ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе увесь час знаходзіўся ў медчастцы. Гэта стала пятай смерцю палітвязня за кратамі.
Памёр палітвязень Ігар Леднік
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур’ёзнае захворванне. Паводле інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, Вадзім хварэў у зняволенні. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
У калоніі ад пнеўманіі памёр палітвязень, асуджаны за данаты
Ноччу 11 ліпеня 2023 году ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Выданне MOST са спасылкай на свае крыніцы распавяло, што ў Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін
Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін.
У траўні 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў “Аднакласніках” на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч
Яго асудзілі да зняволення, нягледзячы на захворванне сэрца.
Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. 21 траўня 2021 году сэрца зняволенага актывіста спынілася ў шклоўскай калоніі №17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Вітольду Ашурку было 50 гадоў.
“Мораць голадам і холадам”
Новыя сведчанні пра катаванні і акалічнасці смерці Вітольда Ашурка ў ПК-17.
“Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства”, — Андрэй Ашурак
Акрамя гэтага, вядома мінімум пра адзін выпадак, калі палітвязень скончыў жыццё самагубствам. Пятага студзеня 2022 года 43-гадовы Дзмітрый Дудойць скокнуў з маста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння. Нагадаем, мужчына быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін у ПУАТ № 43 у Магілёве. Ён правёў на «хіміі» адзін тыдзень.
Вядома мінімум пра тры смерці людзей на волі праз ціск ці наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах.
У 2021 годзе стала вядома пра дзве ахвяры COVID-19, якія захварэлі ў беларускіх ізалятарах, адбываючы “суткі” паводле палітычных артыкулаў КаАП. Праз нечалавечыя ўмовы ў ізалятарах і несвоечасовае аказаную дапамогу ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі памерлі 53-гадовая мінчанка Алена Амеліна (захварэла ў ЦІП на Акрэсціна) і 57-гадовы жыхар Асіповічаў Сяргей Шчацінка (захварэў у Асіповіцкім ІЧУ). Хварэць яны пачалі яшчэ ў ізалятарах, а пасля адразу трапілі ў лякарні. Але выздаравець так і не змаглі.
“Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з’есці.Лячылася ўсё гэта парацатамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкам. З ЦІП Алена адправілася на ШВЛ, і так і не выкарабкалася”, — згадвалі пра Амеліну.
За некалькі месяцаў да гэтага ў Мінску 17-гадовы падлетак скончыў жыццё самагубствам праз пераслед за масавыя беспарадкі. Увечары 25 траўня 2021 году 17-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9-11 жніўня 2020 года, скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка. Хлопец перад гэтым пакінуў перадсмертны пост «ВКонтакте», у якім тлумачыць свой учынак крымінальным пераследам праз удзел у мітынгах: «Віной таму, стаў следчы камітэт».
«Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я бы не вырашыўся на такі жудасны ўчынак як суіцыд. Але мае сілы былі на зыходзе».
Акрамя гэтага, у выніку ўжывання ўладамі сілы ў адказ на мірныя сходы ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года загінулі як мінімум тры чалавекі.
У Гомлі 12 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога амапаўцы затрымалі 9 жніўня. У пасведчанні аб смерці, якое атрымалі родныя, напісана, што прычына смерці высвятляецца. 25-гадовы гамяльчук Аляксандар Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. У хлопца былі праблемы з сэрцам. Пасля доўгага знаходжання ў душнай машыне ён паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне, але амапаўцы не звярнулі на гэта ўвагі.
“Зламаныя рэбры, грудзіна, але прычына смерці – праблемы з сэрцам”
Ад агнястрэльнага ранення, атрыманага падчас акцыі, памёр мянчук Аляксандр Тарайкоўскі, праз некалькі дзён пры падобных абставінах загінуў берасцеец Генадзь Шутаў.
Яшчэ адзін загінулы — Раман Бандарэнка. Жыхар «Плошчы Перамен», які 11 лістапада 2020 года, пабачыўшы ў чаце, што нейкія людзі зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі паблізу яго дома, выйшаў паразмаўляць з імі. Невядомыя ў цывільным і масках збілі хлопца, пасля чаго Раман у цяжкім стане трапіў у бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, аднак стан хлопца пагаршаўся — увечары 12 лістапада ён памёр.
Алесь Бяляцкі тады сказаў:
«Відавочна, што адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на міністэрстве ўнутраных справаў і тых, хто аддаваў міліцыі загад “закруціць гайкі”. Улады правакуюць яшчэ большую напружанасць паміж імі і народам.
Я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы – не быдла!».
28 верасня 2021 года ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і праграмістам Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў ламіліся сілавікі. У выніку Зельцэр і адзін з кдбшнікаў загінулі.
2025 год. Памерлі ў хуткім часе пасля вызвалення
У 2025 годзе праваабаронцам становіцца вядома пра ўсё больш выпадкаў, калі беларусы, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў, паміраюць у хуткім часе пасля вызвалення.
У жніўні 2025 году стала вядома, што праз некалькі тыдняў пасля сутак у ІЧУ Брэста памерла 66-гадовая жанчына з анкалогіяй. Паводле інфармацыі «Вясны», яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь за «падабайкі» ў сацсетках. Жанчына хварэла на анкалогію. Да суда яе змясцілі ў ІЧУ Брэста. Праз тры дні ёй прызначылі штраф і вызвалілі. Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Пасля вызвалення яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Амаль праз месяц жанчына памерла. Прычына — слабы імунітэт і запаленне лёгкіх.
Праз некалькі тыдняў пасля сутак у ІЧУ памерла 66-гадовая жанчына з анкалогіяй
Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан, якому было 58 гадоў. У 2021 годзе яго асудзілі да трох гадоў калоніі за публікацыі ў сацсетках. Ён выйшаў на волю ў сакавіку 2024 года, цалкам адбыўшы тэрмін: у сацсетках распавядаў, як складана рэабілітавацца і што часта “ездзіць па бальніцах”. Людзі, якія сядзелі разам з Богданам, расказвалі, што Валерый памёр у самым пачатку 2025 года. У былога палітвязня адарваўся тромб.
У 45-гадовай жыхаркі Лунінца Тамары Каравай, якую асудзілі за лайк у “Аднакласніках”, прычынай смерці вясной 2025 году стала спыненне сэрца — на волі пасля калоніі яна пабыла каля паўгода.
У траўні 2025 году стала вядома, што праз паўгода пасля вызвалення памерла 39-гадовая палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак шыйкі маткі, але не вызвалілі. Яна памерла 5 лютага 2025 года. Да гэтага яна тры гады правяла ў калоніі за каментары ў тэлеграм-каналах. Ганна адбыла свой тэрмін цалкам, выйшла на волю ў чэрвені 2024 году. На свабодзе жанчына прабыла крыху больш за паўгода і памерла, змагаючыся са сваёй хваробай.
Былы палітвязень Валянцін Іваноўскі памёр праз некалькі месяцаў пасля вызвалення ва ўзросце 48 год. Мужчына жыў у Лідзе. У ліпені 2022 года яго затрымалі па артыкуле аб абразе Лукашэнкі і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі і вызваліўся ў траўні 2024 года. Пра яго смерць стала вядома ў сакавіку 2025 году.
Вясна
