10 кастрычніка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца такі від кары, таму праваабаронцы працягваюць кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Гэтая кампанія аформілася яшчэ ў 2009 годзе. Яна была заснаваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. Першым каардынатарам кампаніі была Ірына Тоўсцік. Многія гады праваабаронцы змагаюцца за адмену смяротнага пакарання і вядуць асветніцкую працу.

Пасля Другой сусветнай вайны сусветная супольнасць пераасэнсавала каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця і дэкларавала права на жыццё кожнага чалавека незалежна ад яго сацыяльнага статусу. У 1971 годзе Рэзалюцыя ААН стала першым крокам да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання.

Беларусь ёсць апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе смяротнае пакаранне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.

У 2020–2025 гадах у краіне было абвешчана 5 смяротных прысудаў, вядома пра 2 растрэлы і 3 акты памілавання. Сярод асуджаных — маладыя людзі, людзі з цяжкім жыццёвым досведам, з пацверджанымі фактамі катаванняў ці адсутнасцю належнага разгляду.

У межах Беларусі зараз немагчыма праводзіць акцыі і сустрэчы прысвечаныя гэтай тэме.