
Удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смаргоні, вязень савецкіх канцлагераў Восіп Блізьнюк нарадзіўся 12 лістапада 1930 году ў вёсцы Шаматова (Смаргонскі р-н).
Паходзіў з шматдзетнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Смаргонскай школе, дзе далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расьціслаў Лапіцкі, пераважна займалася распаўсюдам антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў. Вядома, што Восіп Блізьнюк дапамог арганізацыі знайсці бікфордавы шнуры, бо Расьціслаў Лапіцкі планаваў узарваць мясцовую прапагандысцкую друкарню.
У лютым 1950 году арыштаваны за ўдзел у падземнай антыкамуністычнай арганізацыі. Улетку таго ж году засуджаны на 25 гадоў зняволення ў савецкіх канцлагерах.
У 1955 годзе вызвалены і вярнуўся ў Беларусь у родную вёску Шаматова. Памёр 1 жніўня 1994 году ў роднай вёсцы, дзе і пахаваны.
