
14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі прызнаў “экстрэмісцкай арганізацыяй” Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які месціцца ў Вільні. Паводле пракуратуры Беларусі, “універсітэт праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне”. У жніўні мінулага году сайт і сацсеткі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту былі прызнаныя “экстрэмісцкімі” судом Цэнтральнага раёну Менску 20 жніўня. Юрыдычная служба “Вясны” распавядае, што гэта азначае і што пагражае людзям, якія звязаныя з гэтай ВНУ.
| Як праваабаронцы расцэньваюць рашэнне суда?Юрысты “Вясны” называюць прызнанне адукацыйнай ўстановы вышэйшай адукацыі “экстрэмісцкай арганізацыяй” прэцэдэнтам.“Рашэнне аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” адлюстроўвае ўстойлівую тэндэнцыю маркіроўкі як “непажаданае”, забароны і пераследу не толькі палітычных, але і культурных, аналітычных, адукацыйных, дыяспарных і падобных ініцыятыў. Дадзенае рашэнне не мае нічога агульнага з “гвалтоўным” экстрэмізмам і з’яўляецца выключна палітычным. Але, на жаль, гэтае рашэнне мае не толькі сімвалічную або дэкларатыўную функцыю, але і цалкам практычнае прымяненне”, – кажуць юрысты. |
| Ці могуць быць прыцягнуты да адказнасці ў Беларусі студэнты, выкладчыкі і іншыя звязаныя з ЕГУ людзі?Гэтым рашэннем улады фактычна крыміналізавалі выкладанне, навучанне, аплату за навучанне, удзел у праектах, супрацоўніцтва з універсітэтам і іншыя менш відавочныя формы ўзаемадзеяння. Цяпер пад рызыку пераследу падпадае практычна любая дзейнасць або нават адно дзеянне, звязанае з ЕГУ або ў межах ЕГУ.Як паказвае рэпрэсіўная практыка, існуе даволі высокая рызыка прымянення артыкулаў 361-4 (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”) і 361-2 (“фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці”) Крымінальнага кодэкса. А таксама ў тэорыі можа прымяняцца і арт. 361-5 КК (праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці). Усе гэтыя артыкулы прадугледжваюць пакаранне да пазбаўлення волі.Гэтыя артыкулы шырока прымяняюцца на практыцы менавіта па наступнай схеме: прызнанне арганізацыі або фармавання экстрэмісцкім і наступнае (а нярэдка і папярэдняе) прыцягненне да крымінальнай адказнасці асобаў, так ці інакш з ім звязаных. |
| Што рабіць студэнтам і выкладчыкам?Фармальна для прыцягнення да адказнасці ўладам неабходна даказаць сувязь з ЕГУ, аднак у цяперашніх умовах дастатковымі могуць быць і прызнанні, атрыманыя пад катаваннямі, адзначаюць у Юрыдычнай службе. У сувязі з гэтым мы не рэкамендуем вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, студэнтам і асобам, якія маюць любыя іншыя сувязі з ЕГУ, а таксама ўзаемадзейнічаць з яго сацыяльнымі сеткамі. Таксама праваабаронцы раяць падрыхтавацца да магчымых праверак, ператрусаў і затрыманняў былым студэнтам і выкладчыкам універсітэта.Апроч гэтага, тым, хто ў Беларусі, варта паклапаціцца пра сваю бяспеку. Трэба правесці аўдыт сваёй лічбавай гігіены: цалкам схаваць або выдаліць любыя згадкі пра навучанне ці працу ў ЕГУ з публічных профіляў, пачысціць гісторыю перапісак і фотаархівы, адпісацца ад старонак універсітэта са сваіх асноўных акаўнтах. Ні пры якіх абставінах не варта ўступаць у дыялог з падазронымі акаўнтамі, якія прапануюць “вырашыць пытанне” або пагражаюць наступствамі. Таксама настойліва рэкамендуем у Беларусі схаваць ці знішчыць дамовы аб навучанні ці супрацы з універсітэтам, дыпломы, іншыя дакументы з узгадкай ЕГУ, а таксама мерч універсітэта. |
| Ці могуць быць прыцягнутыя да адказнасці выпускнікі ці тыя, хто раней супрацоўнічаў з універсітэтам?Артыкулы аб “экстрэмісцкім” узаемадзеянні былі ўведзеныя 19 чэрвеня 2021 года, таму супраца з ЕГУ да гэтай даты, спадзяемся, не можа быць крыміналізавана, кажуць юрысты. Інакш гэта будзе з’яўляцца парушэннем прынцыпу “закон зваротнай моцы не мае”, замацаваным у арт. 9 Крымінальнага кодэкса.А вось да прызнання экстрэмісцкай арганізацыяй – цалкам могуць. Падобныя прыклады ўжо вядомыя ў практыцы беларускіх рэпрэсій: у шэрагу крымінальных спраў факты падпісак, рэпостаў, ахвяраванняў або іншага ўзаемадзеяння з ініцыятывамі і медыя, прызнанымі “экстрэмісцкімі”, выкарыстоўваліся, як падстава для пераследу, нават калі гэтыя дзеянні былі здзейсненыя да моманту іх афіцыйнага прызнання. |
| Куды звяртацца па кансультацыю? Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна ў тэлеграме @zvarot96. Атрымаць кансультацыю іншага характару ці паведаміць пра факт пераследу можна на Гарачую лінію “Вясны” ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasnа. Таксама памятайце пра правілы бяспекі пры ўзаемадзеянні з праваабаронцамі. |
