мяжа

Беларускі памежнік сядзіць на бетонным блоку на тэрыторыі Літвы ў раёне закрытага пункту пропуску «Кракунай». Кадр з камеры назірання VSAT

Беларускі памежнік перасек мяжу з Літвой у Шальчынінкайскім раёне. Інцыдэнт адбыўся каля закрытага пункту пропуску «Кракунай», паведамляе літоўскае выданне Lrytas.

Як піша выданне са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT), на беларускім баку знаходзіліся чатыры ўзброеныя памежнікі. Яны падышлі да лініі мяжы ў раёне былога пункту пропуску «Кракунай» (з беларускага боку – «Геранёны»), які быў закрыты ў 2020 годзе. Адзін з іх перасек беларуска-літоўскую мяжу, сеў на бетонны блок, які перакрывае праезд, і неўзабаве вярнуўся назад.

Парушэнне зафіксавалі літоўскія памежнікі, якія ахоўваюць гэты ўчастак мяжы. Пасля інцыдэнту ў падраздзяленні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачата дасудовае расследаванне. Ім кіруе пракуратура Віленскай акругі.

Гаворка ідзе пра ўчастак мяжы ў так званай Дэванішскай «пятлі» – гэта выступ тэрыторыі Літвы ў Шальчынінкайскім раёне, які амаль з усіх бакоў акружаны Беларуссю. З-за такой геаграфіі лінія мяжы тут праходзіць звіліста, з шматлікімі паваротамі і вузкімі ўчасткамі, што робіць гэты адрэзак асабліва складаным для кантролю і часта прыцягвае ўвагу памежных службаў.

Белсат