Не катаванням

Праваабарончы цэнтр “Вясна” вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі на знак памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам. Гэта ўжо пяты Дзень палітвязняў, які адзначаецца ў Беларусі. Сёння мінімум 848 чалавек несправядліва зняволены. Агулам за кратамі з 2020-га памерлі дзевяць палітзняволеных. Да гэтага часу былыя палітзняволеныя працягваюць сведчыць пра збіццё ў месцах зняволення, катаванні холадам у штрафных ізалятарах, жорсткія і нечалавечыя ўмовы ўтрымання, прадузятае стаўленне і сістэматычны ціск — у тым ліку праз пазнаку “жоўтай біркі”. Паводле сведчанняў былых палітзняволеных, прычынай смерці Вітольда магло быць збіццё і ўтрыманне ў жорсткіх умовах у ШІЗА. Таму сёлета праваабаронцы прысвячаюць Дзень палітвязняў тэме свабоды ад катаванняў і жорсткага абыходжання, каб нагадаць: катаванні забароненыя абсалютна і без выключэнняў. “Вясна” заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і чарговы раз запатрабаваць іх вызвалення.  

Катаванні — злачынства без тэрміна даўніны

Праваабаронцы “Вясны” ўжо больш за пяць гадоў масава фіксуюць факты катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання — як падчас следства па палітычна матываваных справах, так і падчас адбыцця пакарання. За гэты час ніводная крымінальная справа па фактах катаванняў супраць пратэстоўцаў не была пачатая.

Катаванні — гэта злачынства паводле міжнароднага права. Яны строга забароненыя і не могуць быць апраўданыя ні пры якіх абставінах. Гэта злачынства не мае тэрміна даўніны. Ні вайна, ні надзвычайнае становішча, ні спасылкі на “дзяржаўныя інтарэсы” не могуць служыць апраўданнем гвалту над чалавекам. Аднак сведчанні беларускіх палітвязняў паказваюць: гэтая забарона сістэмна ігнаруецца. Катаванні, збіццё і прыніжэнне, трыманне ў нечалавечых умовах, псіхалагічны ціск, ізаляцыя, пазбаўленне медыцынскай дапамогі выкарыстоўваюцца як інструменты пакарання і падаўлення.

Былыя палітзняволеныя, аказаўшыся ў бяспецы, распавядаюць пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі.

Нядаўна вызвалены і выдвараны з Беларусі журналіст і актывіст беларускага Саюза палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут распавёў Gazeta Wyborcza пра цяжкія ўмовы ўтрымання:

“Думалі, што мяне адразу запалохаюць, зламаюць, а я не даўся. Два гады жыў пры адчыненым акне. Зіма, лета. А ў ШІЗА, гэта значыць у карцары [правёў там 167 дзён], у мяне не было нічога. Спаў на дошках”.

Былая палітзняволеная Вікторыя Кульша распавядала, як яе таксама ўтрымлівалі ў ШІЗА ў мэтах ціску:

“ШІЗА — гэта холад. У ізалятары мяне ўтрымлівалі бясконца. За ўвесь перыяд майго знаходжання ў 24-й калоніі, у ШІЗА мяне ўтрымлівалі ў сукупнасці больш за год”.

Праваабаронца “Вясны” Уладзь Лабковіч пасля зняволення распавёў пра прадузятае стаўленне да яго за яго дзейнасць, за якую быў асуджаны:

“Першы раз, калі я патрапіў у ШІЗА, начальнік гэтай установы сказаў мне наўпростава, што ў мяне толькі адна праблема – дзейнасць маёй арганізацыі. Ён заявіў: “Яны  хочуць, каб ты быў сакральнай ахвярай – таму мы дапаможам усім, чым зможам”. Адна ўзгадка пра мяне ў інтэрнэце – адразу еду ў ШІЗА”.

Былыя палітзняволеныя распавядаюць таксама пра збіццё і катаванні ў мэтах атрымання беларускімі спецслужбамі патрэбных паказанняў.

Каб мы падпісалі абвінавачванне, нас збівалі. Катаванні доўжыліся два дні. Білі рукамі, бутэлькай з вадой па нырках, электрашокерам. На трэці ці чацвёрты дзень мяне прывялі да следчага, які пачаў пагражаць, што калі не падпішу, ён патэлефануе маёй жонцы і скажа, што мяне адпускаюць і няхай яна прыязджае, забірае. І дадаў: “Але ты не здзіўляйся, калі на мяжы ў яе знойдуць наркотыкі ды на гадоў 13 яна сядзе — так што, думай””, — распавёў былы палітвязень Міхаіл Сталярчук з Украіны, асуджаны ў Беларусі за “агентурную дзейнасць”.

Пра катаванні ў беларускіх месцах няволі праваабаронцам “Вясны” распавяла ўкраінская сям’я, якую пераследвалі за падазрэнне ў “агентурнай дзейнасці”:

“Зноў пачаліся катаванні ў падвале… Апраналі поліэтыленавы мяшок на галаву і зацягвалі яго. Я сяджу ў майтках на стуле з кайданкамі, якія надзетыя праз рэбры стула, яны зацягваюць мяшок на шыі, і мне дыхаць няма чым. Калі мяшок моцна прыліпаў да твару, што ўжо ўздыхнуць было немагчыма, я матаў галавой, але гэта не дапамагала… Калі я губляў прытомнасць, то яны разрывалі мяшок і білі па вушах шмат разоў. Адначасова па двух вушах і па патыліцы пляскалі шмат разоў. Я падаў з крэсла, але мяне падымалі і ўсё па-новай шмат разоў. Мяне паднялі ў кабінет і спыталі, ці буду я далей маўчаць. Але я ж не рабіў нічога. Тады мне сказалі падумаць да заўтра і вярнулі ў тую маленькую камеру ў ІЧУ. Там пастаянна гучна-гучна грала музыка. Мяне распранулі і знялі абутак, каб я басанож па бетоннай падлозе хадзіў.

Чаму 21 траўня?

Менавіта ў гэты дзень у шклоўскай калоніі № 17 у 2021 годзе загінуў палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак — мужны актывіст, асуджаны да пяці гадоў за ўдзел у мірных пратэстах. Вітольд Ашурак мусіў выйсці на свабоду летась — 9 чэрвеня 2025 года, аднак гэтага не адбылося. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак яго сваякі сцвярджалі: да зняволення праблем са здароўем у Вітольда не было. Пасля яго смерці Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім палітвязень ледзь стаіць на нагах. Яго цела перадалі з забінтаванай галавой. Справу па факту смерці не завялі да гэтага часу. 

Палітвязень Уладзімір Гарох, якога вызвалілі і выдварылі з краіны 13 снежня 2025 года, расказаў новыя падрабязнасці пра смерць Вітольда Ашурка. Палітвязень быў у суседняй камеры ШІЗА шклоўскай калоніі, калі паміраў Вітольд Ашурак.

“Я запомніў тры чорныя даты. 19 мая я чуў, як да яго звярталіся: “Недаразвіты”. 20‑га чысла я чуў гукі, нібыта яму прычынялі боль, ён толькі казаў: “Ну што вы, што вы…”. А 21 мая ў абед кантралёр клікаў яго атрымліваць ежу, але Вітольд ужо не адгукаўся. Потым набегла куча мянтоў, уключылі радыё на ўсю моц, нешта крычалі пра «мора крыві»”.

spring96.org