справы замежнікаў

Чарга перад будынкам Управы ў справах замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат

Управа ў справах іншаземцаў у Польшчы атрымала 89 заяваў вывезеных з Беларусі былых палітвязняў аб прадстаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы. Па іх ужо гатовыя 63 рашэнні, яшчэ 26 – у працэсе. «Белсат» спытаў Управу, ці разглядаюць справы палітзняволеных у паскораным парадку.

Такую колькасць справаў на 8 траўня са спасылкай на кіраўніка Управы ў справах іншаземцаў Томаша Цытрыновіча агучыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і сябра Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Латушка.

«Сумесна з праваабарончымі арганізацыямі на працягу некалькіх месяцаў мы вядзём актыўную працу з польскімі ўладамі ў пытаннях, звязаных з легалізацыяй былых палітычных зняволеных, якіх рэжым Лукашэнкі дэпартаваў з Беларусі ў другой палове 2025 года», – паведаміў Павел Латушка.

Павел Латушка дадаў, што працоўная група пры МУС Польшчы ў пытаннях беларусаў будзе і далей «весці працу, накіраваную на тое, каб усе дэпартаваныя былыя палітычныя зняволеныя атрымалі статус міжнароднай абароны на тэрыторыі Польшчы і іншых еўрапейскіх дзяржаў».

Тым часам «Белсат» запытаўся ва Управы ў справах іншаземцаў, як разглядаюцца справы былых палітзняволеных аб прадстаўленні міжнароднай абароны ў паскораным парадку. Бо вывезеныя з Беларусі людзі апынаюцца ў чужой краіне без рэчаў першай неабходнасці і без дакументаў.

«Управа праводзіць вядзенне ў звычайным рэжыме, падставы для разгляду заяваў у паскораным рэжыме пералічаныя ў арт. 39 Закона аб наданні іншаземцам аховы на тэрыторыі Рэспублікі Польшчы», – адказалі ва Управе.

Калі спрасціць, артыкул 39 Закону мае на ўвазе, што выпадкі паскоранага разгляду заявы аб міжнароднай абароне не нясуць для заяўніка нічога добрага. Паскоранае рашэнне выдаецца толькі ў выпадках, калі заяўнік:

  • падаў прычыны, акрамя боязі пераследу па прыкмеце расы, рэлігіі, нацыянальнасці, палітычных поглядаў або прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або рызыкі атрымання сур’ёзнай шкоды;
  • не падаў ніякай інфармацыі аб абставінах, звязаных са страхам пераследу або рызыкай атрымання сурʼёзнай шкоды;
  • увёў орган у зман, утаіў важную інфармацыю або дакументы, прадставіў відавочна непаслядоўныя, супярэчлівыя або непраўдападобныя тлумачэнні пераследу або рызыкі сурʼёзнай шкоды;
  • падаў заяву выключна з мэтай затрымкі або перапынення выканання рашэння аб вяртанні;
  • становіць пагрозу дзяржаўнай бяспецы або грамадскаму парадку, альбо быў высланы з Польшчы з гэтай прычыны ў мінулым.

І хоць у законе няма механізмаў, якія паскораць разгляд справы ў выпадку, калі чалавек сапраўды адпавядае ўсім правілам прадстаўлення міжнароднай абароны, можна зрабіць выснову, што заявы былых палітвязняў разглядаюцца першачаргова.

Паводле Управы ў справах іншаземцаў, сярэдні тэрмін разгляду справаў аб міжнароднай абароне ў першым квартале 2026 года складаў 9 месяцаў. Пры гэтым некаторыя заяўнікі чакаюць рашэння амаль два гады: наплыў был настолькі вялікі, што Управа вымушаная была замарозіць тэрміны разгляду да сакавіка 2026 года.

Нагадаем, 11 верасня 2025 года ў Беларусі раптоўна вызвалілі і вывезлі ў Літву 52 палітычных зняволеных. Адзін з іх – Мікалай Статкевіч – спрацівіўся выгнанню і застаўся ў Беларусі.

13 снежня на свабоду выйшлі яшчэ 123 чалавекі. Адразу пасля вызвалення палітвязняў вывезлі за мяжу. Большасць – ва Украіну, дзевяцярых (сярод іх быў Алесь Бяляцкі) – у Літву.

У сакавіку 2026 года ў Беларусі на волю выйшлі яшчэ 250 палітвязняў. 15 з іх былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі. Як мінімум трое палітвязняў, вызваленых 19 сакавіка, – журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Наста Лойка – 25 сакавіка падалі заявы на міжнародную абарону ў Польшчы, паведамляў Аб’яднаны пераходны кабінет.

Да гвалтоўна вывезеных палітзняволеных таксама варта дадаць і тых, каго не дэпартавалі, а яны самі з’ехалі пасля вызвалення, асцерагаючыся паўторнага пераследу.