
фота ілюстрацыйнае
З мая 2020 года па сакавік 2026-га не менш як 9594 чалавекі сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам. Пры гэтым не менш як 8304 чалавекі былі асуджаныя, у тым ліку завочна. Такія лічбы прадстаўленыя ў дакладзе праваабарончых арганізацый і ініцыятывы BELPOL. Справаздача малюе маштабную карціну палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Па стане на 31 сакавіка 2026 года ў месцах пазбаўлення волі заставаліся 911 палітвязняў, сярод іх — 118 жанчын. Яшчэ 3660 чалавек названыя былымі палітвязнямі — гэта людзі, якія выйшлі на волю пасля адбыцця пакарання, памілавання або змены меры стрымання.
Аўтары даклада сцвярджаюць, што колькасць палітвязняў не адлюстроўвае поўнага маштабу рэпрэсій. Паводле іх ацэнак, дзейныя і былыя палітвязні складаюць менш за палову ўсіх грамадзян, якія прайшлі праз палітычны крымінальны пераслед.
У дакладзе апісваецца, як пасля выбараў 2020 года лукашэнкаўскія ўлады паступова пашыралі практыкі пераследу: крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту, публікацыі ў сацыяльных сетках, інтэрв’ю незалежным медыя, данаты, выкарыстанне нацыянальнай сімволікі і кантакты з арганізацыямі, прызнанымі “экстрэмісцкімі”.
Найбольшая колькасць новых палітычна матываваных крымінальных спраў была зафіксаваная ў 2022 годзе — 2363 выпадкі. З 2024 года ўлады пачалі хаваць частку інфармацыі пра суды і прысуды, што ўскладніла працу праваабаронцаў.
На красавік 2026 года ў спіс “тэрарыстаў” КДБ былі ўключаныя 669 грамадзян Беларусі, а ў спіс “экстрэмістаў” — 6448 чалавек і каля 300 арганізацый.
Міжнародная супольнасць часта ацэньвае сітуацыю толькі па колькасці палітвязняў, хоць насамрэч пераслед закранае значна больш людзей.
Асобны раздзел прысвечаны становішчу былых палітвязняў. Аўтары адзначаюць, што пасля вызвалення многія працягваюць знаходзіцца пад кантролем сілавікоў: абавязаныя рэгулярна адзначацца ў міліцыі, сутыкаюцца з абмежаваннямі на перамяшчэнне, праблемамі з працаўладкаваннем і фінансавымі абмежаваннямі.
У 2025–2026 гадах улады Беларусі правялі некалькі хваляў памілаванняў і вызваленняў палітвязняў. У 2025 годзе было абвешчана пра вызваленне 293 чалавек, а ў першым квартале 2026 года — яшчэ 250.
Аднак аўтары даклада лічаць, што гэтыя вызваленні не сведчаць пра змякчэнне палітыкі ўладаў. Яны сцвярджаюць, што колькасць новых выпадкаў палітычнага пераследу працягвае перавышаць колькасць вызваленых.
