
29 траўня на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве для польскай публікі будзе прадстаўлена кніга Нобелеўскага лаўрэата, старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна», экс-палітвязня Алеся Бяляцкага на польскай мове «Ртутнае срэбра жыцця». Кніга была напісана яшчэ падчас першага турэмнага зняволення Бяляцкага, падчас другога – перакладзена на польскую мову.

Рэдактарка выдання Алена Лапцёнак лічыць, што кніга павінна зацікавіць польскага чытача:
-Мне падаецца, што гэта вельмі добры крок у тым накірунку, каб шырыць праз асобу Алеся нашу беларускую павестку. Гэта фактычна гістарычны дакумент і для гісторыкаў, і для палітолагаў – усіх тых, хто цікавіцца тымі ўзаемаадносінамі, якія склаліся паміж славянскімі нашымі народамі.
Кнігу «Ртутнае срэбра жыцця» можна будзе набыць на кірмашы з аўтографам Алеся Бяляцкага, таксама кніга будзе прадавацца ў беларускай кнігарні.
Беларускае Радыё Рацыя
