
30 траўня ў Беластоку ў хабе “Новая Зямля” прайшла сустрэча з Паўлам Севярынцам, нядаўнім палітвязнем, адным з лідараў нацыянальна-хрысціянскага дэмакратычнага руху. Нагодай для спаткання з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і мясцовымі беларусамі стала прэзентацыя кнігі Севярынца «Беларусь – гэта святое». На сустрэчу прыйшло каля 60 чалавек.
Перад прэзентацыяй кнігі выступілі Яўген Вапа, Кацярына Ваданосава, Уладзімір Хільмановіч.



Пасля Павел Севярынец расказаў пра тое, якім бачыць шлях да вяртання ў Беларусь з перамогай, пра тое, чаму яго навучыў турэмны досвед, якія кнігі ён абдумаў у зняволенні і як важна беларусам цаніць іншых беларусаў.
У кнізе «Беларусь – гэта святое» сабраны 71 малюнак беларускіх храмаў, якія ён маляваў у турмах і калоніі сыну Францішку, пакуль не забаранілі адсылаць, а таксама 71 выслоўе і 22 вершы.
Вершы Паўлу Севярынцу даводзілася вучыць на памяць, бо апошнія гады лісты з вершамі з турмы таксама не выпускалі. Большасць з гэтых вершаў нідзе не публікавалася.
Севярынец прачытаў некалькі вершаў, пасля чаго былі адказы на шматлікія пытанні прысутных і аўтограф-сесія.

