
Варшава, фота Белсату
Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» (Польшча) прэзентаваў сацыялагічнае даследаванне «Грамадская думка палякаў аб Беларусі і беларусах», якое правёў у партнёрстве з кампаніяй SW Research сёлета ў траўні. З адказаў рэспандэнтаў даследнікі намагаліся зразумець, як палякі глядзяць на пытанні палітыкі, бяспекі і міграцыі, як ацэньваюць уплыў на эканоміку і што думаюць пра агульную культурную і гістарычную спадчыну. «Белсат» паглядзеў, якія вынікі атрымаліся.
Ці адчуваюць палякі пагрозу ад нас? Як ставяцца да працоўных мігрантаў?
У апытанні ўзялі ўдзел 1006 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў. У даследаванні было некалькі блокаў. У раздзеле, што закранаў эканамічныя і сацыяльныя тэмы, іх запытвалі пра стаўленне да беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Палова ўдзельнікаў заявіла пра пазітыўнае стаўленне, негатыўна беларусаў успрымаюць 17,6 %, больш за 30 % трымаюцца варыянту «цяжка сказаць».
А што са стаўленнем да тых, хто пераехаў у Польшчу? Варыянт «станоўча» абралі 55,6 % рэспандэнтаў. Не вызначыліся з пазіцыяй 27,8 %, а 16,5 % ставяцца негатыўна.
Даследнікі таксама прапанавалі ацаніць пастанову польскага ўраду прыняць людзей, вымушаных пакінуць Беларусь у апошнія гады праз палітычныя чыннікі. Траціна палякаў пагадзілася з такою пастановаю, а пятая частка ад усіх апытаных назвала пазіцыю ўраду няправільнаю. Прыкладна такія ж адказы атрымаліся з пытаннем, ці ёсць беларускія грамадзяне пагрозаю нацыянальнай бяспецы Польшчы.

Пры гэтым сама беларуская дзяржава, на думку 21 % рэспандэнтаў, уяўляе для Польшчы пагрозу. Траціна лічыць, што Беларусь не ўяўляе ніякай пагрозы, а 40 % ацэньваюць гэтыя рызыкі сярэдне, на ўзроўні 4-7 балаў на шкале ад 0 да 10.
Таксама рэспандэнтам прапанавалі ацаніць уплыў беларусаў на эканоміку Польшчы. Паводле 13,4 %, грамадзяне нашай краіны, якія пераехалі ў Польшчу, робяць адмоўны ўплыў, 42 % палякаў падтрымалі меркаванне пра станоўчы ўплыў, а 24,3 % лічаць, што яго няма ўвогуле.
Стаўленне да працоўных мігрантаў з Беларусі аказалася больш неадназначным. Амаль чвэрць рэспандэнтаў падтрымлівае скарачэнне колькасці працоўных мігрантаў з нашай краіны, яшчэ 20 % лічаць, што далейшую міграцыю трэба спыніць, але не чапаць тых, хто ўжо жыве і працуе ў Польшчы. Амаль 34 % абралі варыянт, пры якім беларусы маглі б уладкоўвацца на працу на тых жа ўмовах, што і грамадзяне іншых дзяржаваў па-за ЕЗ. І 6 % выступілі за стварэнне асабліва спрыяльных умоваў.
Ціханоўская супраць Лукашэнкі
Ці ўспрымаюць суседзі нашую дзяржаву як дэмакратычную? «Адназначна так» адказалі толькі 5,5 % апытаных, яшчэ 10 % хутчэй пагаджаюцца з гэтым сцверджаннем. 27 % называюць Беларусь больш аўтарытарнай, чым дэмакратычнай, а большасць – 42 % – адназначна аўтарытарнаю краінаю.
Пры гэтым толькі 19 % лічаць Беларусь незалежнай. Амаль 70 % рэспандэнтаў бачаць палітычную несвабоду дзяржавы ў рашэннях і дзеяннях.
Аляксандра Лукашэнку ўспрымаюць як «легітымнага кіраўніка, які адлюстроўвае волю народу», толькі 16 % з усіх удзельнікаў апытання. Большасць жа палякаў падтрымала адказы «адназначна не» і «хутчэй не». Яшчэ амаль 15 % не маюць поглядаў у гэтай справе.
,,
Прыкладна такія ж вынікі паказалі адказы рэспандэнтаў на пытанне, ці чулі яны пра Святлану Ціханоўскую, якая супернічала з Лукашэнкам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Трэцяя частка ведае пра лідарку дэмакратычных сілаў, але і колькасць тых, хто ніколі не чуў пра яе, таксама немалая – 27,5 %. Яшчэ 12 % не змаглі адказаць.
Сацыёлагі таксама спрабавалі вызначыць пазіцыю наконт палітыкі, якую Польшча мусіць праводзіць у дачыненні Беларусі. Гэтак, за міжнародную ізаляцыю і санкцыі выступілі 20 % рэспандэнтаў. За стрыманае падтрыманне адносінаў у сферах, дзе ёсць эканамічная выгада, выказалася амаль палова апытаных.
Дзясятая частка рэспандэнтаў падтрымлівае шырокую супрацу і партнёрства з афіцыйным Менскам і выступаюць супраць кантактаў з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй.
З апошнім пытаннем статыстыка аказалася ўвогуле цікавай. Каля 13 % рэспандэнтаў лічаць, што трэба развіваць толькі непублічную і неафіцыйную супрацу. Ажно 24 % выступаюць за тое, каб «абмежавацца афіцыйнымі сустрэчамі, заявамі і падобнымі формамі ўзаемадзеяння». І толькі 31,7 % чалавек ухваляюць развіццё адкрытай, усебаковай супрацы і афіцыйнага падтрымання дэмакратычных сілаў.
Даследнікі таксама пацікавіліся прычынамі такога стаўлення да палітычных структураў, якія супрацьстаяць рэпрэсіўным уладам Беларусі цяпер і знаходзяцца за мяжою. 17 % апытаных назвалі беларускую апазіцыю слабою, якая «ні на што не ўплывае». Апасаюцца адмоўнай рэакцыі Менску і далейшага пагаршэння зносінаў паміж краінамі каля чвэрці ўдзельнікаў апытання. І амаль палова не разумее, наколькі на дэмакратычную апазіцыю Беларусі ўплывае Расея.

Хто такія беларусы ўвогуле? Чые Касцюшка, Міцкевіч і Рэч Паспалітая?
Яшчэ адзін блок тычыўся культуры і гісторыі. Спачатку сацыёлагі запыталі пра ўспрыманне беларусаў як самастойнага народу.
35,4 % апытаных падтрымалі варыянт адказу, што беларусы ўяўляюць сабой адгалінаванне ад расейцаў, яшчэ 5,9 % выказаліся за версію аб адгалінанаванні ад украінскага народу. Толькі 39,2 % палякаў адказалі, што беларусы – самастойны народ. Яшчэ каля 20 % не змаглі вызначыцца з адказам.
Падымалася таксама тэма, над якою дагэтуль спрачаюцца як звычайныя грамадзяне суседніх краінаў, так і навукоўцы і даследнікі. Рэспандэнтаў прасілі адказаць, як яны ставяцца да факту, што Адам Міцкевіч і Тадэвуш Касцюшка ў сучаснай беларускай культуры і гістарыяграфіі прэзентуюцца таксама як беларускія палітычныя і культурныя дзеячы. Большасць рэспандэнтаў – 41,7 % – ніяк не ўспрымаюць такога пазіцыянавання. Адназначна адмоўна ўспрымаюць яго 18,5 % палякаў, хутчэй адмоўна – яшчэ 23,3 %. Хутчэй станоўча і адназначна станоўча ставяцца 14,1 % і 2,5 % адпаведна.
Каму належыць палітычная і культурная спадчына Рэчы Паспалітай? Большасць – амаль 46 % – абралі варыянт, які прадугледжвае прыналежнасць выключна польскаму народу. Яшчэ 28,3 % рэспандэнтаў пагадзіліся з варыянтам «усім народам, якія там жылі». Каля 7 % адсоткаў лічаць, што спадчына належыць літоўскаму і польскаму народам, 4,4 % – польскаму і беларускаму. Каля 15 % не абралі ніводзін з варыянтаў або не вызначыліся са стаўленнем.

Удзельнікам даследавання таксама назвалі некалькі імёнаў культурных і гістарычных асобаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі ў розныя гады і лічацца нацыянальна важнымі постацямі. Сацыёлагі запыталі, ці знаёмыя гэтыя прозвішчы рэспандэнтам. Найбольш вядомымі сярод палякаў аказаліся паэт Янка Купала, пісьменніца Святлана Алексіевіч і нацыянальны герой, рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі – іх пазналі 10,3 %, 8,3 % і 8,2 % адпаведна. Следам ідуць Усяслаў Чарадзей, які кіраваў Полацкім княствам у ХІ стагоддзі (7 %), і пісьменнік і паэт Якуб Колас (5,4 %).
У прамежку паміж 4,5 і 5 % – першаасветніца, святая Еўфрасіння Полацкая і навуковец, філосаф і першадрукар Францішак Скарына, а таксама пісьменнікі Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў.
Але большасць – ажно 63 % – прызналіся, што не ведаюць нікога, а яшчэ ад 9 % сацыёлагі пачулі адказ «цяжка сказаць».
Апошнім пытаннем гэтага раздзелу было стаўленне да сітуацыі, калі б Беларусь «вырашыла змяніць дзяржаўны герб на новы, натхнёны гербам Рэчы Паспалітай». На геральдычным знаку вялікай дзяржавы, якая існавала ў ХVI–XVIII стагоддзях, была размешчаная ў тым ліку Пагоня. Выява вершніка з мячом і шчытом на чырвоным палатне была гербам ВКЛ і Беларусі – у першыя гады незалежнасці да змены дзяржаўных сімвалаў, якую правёў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер гэта таксама дзяржаўны сімвал Літвы.
Адназначна супраць выказаліся 14,4 % апытаных, хутчэй адмоўна – 21,9 %. Ніякую ацэнку не даюць або ставяцца абыякава 45 % палякаў. Адказы «станоўча» і «хутчэй станоўча» ў сукупнасці набралі менш адсоткаў у параўнанні з астатнімі: 14,5 і 4,2 адпаведна.
Аляксандра Чырвоная, Белсат
