
Лукашэнкаўскія ўлады працягваюць прадаваць незаконна канфіскаваную маёмасць беларускіх грамадска-палітычных актывістаў у выніку пераследу і завочных палітычна матываваных крымінальных спраў.
Органы судовага выканання канфіскавалі раней і ўжо прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і журналіста Уладзіміра Хільмановіча (лядоўню, тэлевізар, пральную машыну). Зараз з пятага па ліку аўкцыёну праданае канфіскаванае лецішча праваабаронца. Фармальна аб’ект фігураваў як будынак былога сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі (Мастоўскі раён). Надзел зямлі знаходзіцца непадалёк берагу Нёмана.
Знайшлося два ахвотныя пакупнікі, якія ўдзельнічалі ў аўкцыёне. Лецішча праданае за 3 тысячы 242 рублі.
Напомнім, што ўлады апошнія гады пераследуюць Хільмановіча за яго публіцыстычную і праваабарончую дзейнасць. Пры тым з лета 2021 году журналіст не жыве ў Беларусі. Напомнім, што 19 жніўня 2024 году Гарадзенскі абласны суд у асобе Ігара Собалева па сукупнасці артыкулаў завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.
25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.
Акрамя лецішча на аўцыён выстаўлена таксама двухпакаёвая гарадзенская кватэра журналіста. З першага разу яе не прадалі – не знайшлося ахвотных купіць. Зараз абвешчаны паўторны аўкцыён.
Продажам займаецца дзяржаўная кантора «БелЮрОбеспечение». Судовая выканаўца Наталия Ивановна Болтуть.
