Павел Мажэйка

Стала вядома пра пачынанне новай крымінальнай справы супраць былога палітвязня Паўла Мажэйкі. Улады распачалі справу яшчэ 11 траўня 2026 года, праўдападобна, па адным з палітычных артыкулаў – 361-4.

Я не ведаю чаго дакладна тычыцца заведзеная справа. Ведаю пра дзесяткі, так званых, працэсуальных дзеянняў у дачыненні да маіх родных, сваякоў і знаёмых: ператрусы, допыты, у тым ліку нефармальныя размовы” – кажа Павел.

Што цікава, па словах Паўла Мажэйкі, групы сілавікоў у часе ператрусаў шукаюць у Беларусі менавіта яго і «здзіўляюцца», што ніяк ня могуць знайсці.

Адначасна з допытамі ў межах заведзенай крымінальнай справы, па якой журналісту пагражае да 7 год зняволення, на нефармальных “абавязковых” размовах супрацоўнікі КГБ абавязваюць родных Мажэйкі перадаць яму, што ён можа беспраблемна і бяспечна вярнуцца ў Беларусь.

Паводле Мажэйкі, ён ведае, што падобныя “запрашэнні” даходзяць таксама іншым палітвязням, прымусова вывезеным з Беларусі у другой палове 2025 – пачатку 2026 года.

– Я так разумею, што нас прадалі адзін раз, цяпер прыдумалі спосаб, як “зарабіць” на нас двойчы. Гэтыя структуры зрабілі ўжо столькі зла людзям, і ў мяне няма падставаў лічыць, што яны працуюць дзеля Беларусі і беларускага народа. Выпускайце палітвязняў, прыбірайце палітычныя артыкулы: толькі тады людзі дазволяць сабе пачаць задумвацца пра вяртанне на Радзіму – каментуе сітуацыю Мажэйка.

Гарадзенскі грамадскі дзеяч і журналіст Павел Мажэйка быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года і незаконна засуджаны паводле палітычнага артыкула на 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Карны прысуд аформіў 26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі.

11 верасня 2025 года ў ліку іншых беларускіх палітвязняў Павел Мажэйка быў вызвалены з карнай калоніі і прымусова вывезены з Беларусі на тэрыторыю Еўразвязу.